За духоўнай чысцінёй у Будслаў

Актуальное

3SwUG0_saQ0Будслаўская ікона Божай Маці — адна з найбольш ушанаваных каталіцкіх ікон у Беларусі. Яе называюць цудам, бо, нягледзячы на войны і ганенні ў савецкі час, Будслаўскі храм не закрываўся ні на адзін дзень, і фарбы на іконе з цягам часу не цьмеюць, а людскі паток да святыні з кожным годам толькі павялічваецца.
Сёлетняя юбілейная ўрачыстасць знаходжання Будслаўскай іконы Маці Божай сабрала ў невялікім горадзе каля 45 тыс. паломнікаў. Сярод іх былі і 130 вернікаў браслаўскай пешай пілігрымкі.
Наша група «Сальватар» (ратаўнік) была сапраўды міжнароднай, бо ў склад яе ўваходзілі паломнікі з Польшчы, Літвы, Украіны і розных куточкаў Беларусі. Не зважаючы на бязлітасную спёку, 160 км шэсць дзён разам з духоўным кіраўніком ксяндзом-сальватарыянінам Тадэвушам Дабравольскім мы ішлі, каб пакланіцца святыні, папрасіць яе заступніцтва. Усё дарогу нас суправаджалі арганізатар пілігрымкі ксёндз Станіслаў Мжыглуд і ксёндз-пробашч браслаўскай парафіі Антоній Земба, які адказваў за наш багаж.
У пілігрымцы сумаваць не прыходзілася. У большасці ў нашай групе была моладзь, таму ўсю дарогу амаль без перапынку мы спявалі вясёлыя песні, усхваляючы Бога. На прывалах ладзіліся канферэнцыі, вяліся цікавыя духоўныя гутаркі, маліліся. Разам з гэтым пілігрымка – цудоўная магчымасць пабыць сам-насам з сабою, паразважаць, падумаць.
Начавалі мы па хатах — у вернікаў, якія жадалі нас прыняць. Ты прыходзіш стомлены ў вёску, чакаеш, хто цябе пакліча, ідзеш і дакладна не ведаеш, да каго і куды, але ў выніку цябе чакаюць гасціннасць і добразычлівасць гаспадароў, мяккі ложак, смачная вячэра ды пачынаюцца песні, вячэрнія малітвы і начныя чуванні. І стомы ўжо не адчуваеш, забываеш пра свае мазалі. Раніцай дзякавалі сваім гаспадарам, прымалі ад іх інтэнцыі, або
Пасля невыноснай спёкі, якая суправаджала нас усе гэтыя дні, перад самым Будславам пайшоў дождж. Ён ударыў імгненна, нарастаючы з кожнай хвілінай, і ператварыўся ў сапраўднае залева. Але ні моцны дождж, ні вецер, які валіў з ног, не спынілі нас. І мокрыя да ніткі, але радасныя, што наш шлях мінуў, мы ў аднолькавых жоўтых майках увайшлі ў Будслаў.
На урачыстасць былі запрошаны прадстаўнікі розных канфесій, дзяржаўнай улады і дыпламаты. Спецыяльны пасланнік пантыфіка легад з Ватыкана кардынал Жан-Луі Таран адслужыў святую імшу. Прыгожай і незабыўнай была кульмінацыя свята — працэсія са свечкамі, тысячы маленькіх агеньчыкаў зліліся ў сапраўдную вогненную раку.
Шчаслівыя, духоўна абноўленыя, мы вярнуліся дадому. І гэтае чыстае, усёдаруючае святло іконы Божай Маці Будслаўскай застанецца ў сэрцах нашых да наступнай пілігрымкі.

Таццяна Абрамава,
удзельніца пілігрымкі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *