Папярэджаны, значыць, узброены

Актуальное

1343885890_kjyc5oap14rfzsdУ сродках масавай інфармацыі з’явіліся звесткі пра абвастрэнне сітуацыі з афрыканскай чумой свіней у Расійскай Федэрацыі. Там было зафіксавана каля 40 успышак у 10 рэгіёнах, сярод якіх Яраслаўская, Тульская, Маскоўская, Варонежская, Валгаградская, Смаленская і іншыя вобласці. А нядаўна ўзбуджальнікі гэтай хваробы жывёл былі выяўлены і ў Гродзенскай вобласці, а дакладней, у Іўеўскім раёне.
У райвыканкаме ў аўторак прайшла нарада па біялагічнай ахове свінакомплексу ў СВК “Маяк Браслаўскі” і тэрыторыі раёна ад заносу гэтай небяспечнай інфекцыі.
АЧС – інфекцыйная хвароба свіней, якая не паддаецца лячэнню. Яна небяспечная і для чалавека. Таму пры яе выяўленні ўсё пагалоўе свіней трэба знішчаць.
Як паведаміла на нарадзе галоўны ветэрынарны ўрач раёна Кацярына Завацкая, на свінакомплексе ўжо прыняты шэраг мерапрыемстваў, каб не дапусціць заражэння пагалоўя.
Яна папярэдзіла пра крыніцы заносу інфекцыі. Імі могуць быць, акрамя інфіцыраваных жывёл, камбікармы. Таму прасіла падключыцца да кантролю за іх завозам у раён супрацоўнікаў РАУС, бо ў Пастаўскім раёне ўжо выяўлены выпадак, калі ў мяшках з этыкеткай беларускіх вытворцаў унутры былі зашыты мяшкі з камбікормам вытворчасці Смаленскай вобласці, дзе таксама зафіксавана афрыканская чума свіней.
Таксама К. Завацкая прасіла звяртаць павышаную ўвагу на рэалізацыю мяса. Цяпер пайшлі, па яе словах, патокі завозу свініны з Гродзенскай вобласці, што можа быць таксама небяспечна.
А сяляне павінны ведаць, калі ў іх на падвор’і захварэе свіння, то неабходна адразу звярнуцца да ветэрынарнага ўрача па месцажыхарстве. Без анатаміравання жывёлы і заключэння спецыяліста іх трупы ні ў якім разе нельга закопваць.
Яшчэ адной крыніцай гэтай небяспечнай інфекцыі могуць стаць дзікі, якіх у нас развялося шмат. І ўжо быў выпадак, калі дзікія жывёлы імкнуліся пранікнуць на тэрыторыю кармацэха свінакомплексу. Кацярына Завацкая звярнулася да работнікаў нацыянальнага парка, каб тыя, у сваю чаргу, патлумачылі паляўнічым, егерам пра недапушчэнне кантактаў дамашніх і дзікіх жывёл.
Будзем спадзявацца, што ўсе прынятыя меры дапамогуць пазбегнуць у раёне такой страшнай навалы, як афрыканская чума свіней. Нездарма ж кажуць, што папярэджаны, значыць, узброены.

Зінаіда Палулех.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *