Дзеля павышэння эфектыўнасці

Актуальное

Выязное пасяджэнне савета грамадскага пункта, якое праходзіла 23 ліпеня ў Цяцерках, аказалася азмрочаным непрыемным здарэннем. Яшчэ на шляху да пункта прызначэння старшыні сельвыканкамаў, якія ехалі першымі, заўважылі дым з-пад страхі адной з хат. Пры больш пільным аглядзе будынка пацвердзіліся горшыя думкі – пажар. Мужчыны тут жа кінуліся шукаць гаспадароў, а жанчыны – тэлефанаваць у адпаведныя службы. Праз хвіліну Станіслаў Кяпсня, Пётр Бялусь з дапамогай суседа пацярпелай вынеслі з задымленага пакою знямоглую бабулю – гаспадыню дома. Праз пэўны час пад’ехалі 2 пажарныя разлікі, аднак полымем ужо былі ахоплены сцены і дах. Хата, на жаль, амаль згарэла. У той жа час чалавек быў выратаваны. Ужо па гэтай прычыне выязное пасяджэнне можна назваць звышэфектыўным, нягледзячы на выпадковасць падзей.
Афіцыйная ж частка мерапрыемства ўключала семінар для старшынь саветаў грамадскіх пунктаў аховы правапарадку па пытаннях выканання патрабаванняў Закона РБ “Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў”. Такая форма работы ўведзена ў практыку адпаведна плану мерапрыемстваў на 2013 год па выкананні абласной праграмы па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй.
Праверкі, праведзеныя рабочай групай напярэдадні пасяджэння, выявілі шэраг недахопаў у дзейнасці саветаў ГПАП, таму пасяджэнне мела сваёй мэтай папярэджванне аналагічных праблем у будучым. Справаздачы на ім трымалі старшыні Друеўскага і Цяцеркаўскага сельвыканкамаў Ларыса Корсак і Павел Антанёнак адпаведна. Наконт вывучэння дзейнасці ГПАП Слабодкаўскага сельвыканкама дакладаў начальнік аддзела аховы правапардку і прафілактыкі Браслаўскага РАУС Аляксандр Смірноў.
Калі не ўдавацца ў падрабязнасці, работу па прафілактыцы правапарушэнняў на месцах можна ахарактарызаваць як нестабільную. На фоне адсутнасці ў раёне цяжкіх злачынстваў месцамі назіраецца рост колькасці дробных, такіх як крадзяжы. У сувязі з гэтым А. Смірноў засяродзіў увагу прысутных на тым, што прафілактыкай трэба займацца не толькі з кантынгентам групы рызыкі, але і з патэнцыяльнымі ахвярамі, якія сваёй легкадумнасцю часта самі правакуюць падобныя злачынствы. Амаль паўсюдна ёсць праблема з участковымі, якія, як ні парадаксальна, на сваёй тэрыторыі працуюць ці не менш, чым дзяжураць у аддзеле. У Далёкаўскім сельсавеце ўвогуле няма ўласнага ўчастковага ўжо амаль паўтара года. Пра гэта ў РАУС ведаюць і намагаюцца вырашыць праблему, але справа пакуль ідзе марудна.
Пракурор раёна Юрый Кезік у сваю чаргу адзначыў, што Браслаўшчына ў плане злачыннасці выглядае на фоне вобласці досыць годна. Аднак “дрэнныя” лічбы не могуць заўсёды ісці ўніз. “Калі-небудзь усяго адно ўчыненае цяжкае злачынства дасць рост на 100%, а 2 – на 200, – сказаў пракурор. – Тады нас будуць правяраць, і мы павінны быць гатовымі да гэтага – весці работу належным чынам і ўмець яе паказаць”.
Дарэчы, няўменне менавіта аформіць сваю дзейнасць зводзіць на “не” ўсе, часам вялізныя, намаганні. Так, напрыклад, адбылося з саветам ГПАП Слабодкаўскага сельвыканкама. Афіцыйна за 6 месяцаў бягучага года там разгледжаны паводзіны 13 нядбайных асоб. Між тым, па словах яго старшыні Станіслава Кяпсні, ён штодзень праводзіць па некалькі прафілактычных гутарак.
Разгледзелі на пасяджэнні-семінары і лад жыцця некалькіх грамадзян. Як звычайна, прычынай іх асаблівага погляду на жыццё стаў алкаголь.
Такім чынам, грамадскасць імкнецца навесці парадак на месцах. Вядома, далёка не заўсёды ўдаецца пераканаць п’яніцу “са стажам” змяніць стыль жыцця, а ўчастковы і настаўнікі таксама маюць свае сем’і. Аднак адна галава – добра, а дзве – лепей. Тое ж датычыцца і суб’ектаў прафілактыкі. І хочацца спадзявацца, што праведзены семінар дазволіць прымяняць здольнасці тых самых галоў з большай эфектыўнасцю.
Вячаслаў Каладынскі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *