Чалавек. Мастак. Майстар

Власть и общество

OLYMPUS DIGITAL CAMERA   Сустрэча гутарка пад такой назвай прайшла ў аўторак на базе тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Мерапрыемства было прысвечана 113-годдзю з дня нараджэння славутага сына браслаўскай зямлі – мастака Пятра Сергіевіча.
Бібліятэкар Галіна Драбовіч падрабязна пазнаёміла прысутных – наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў – з лёсам і творчасцю нашага знакамітага земляка. Выхадзец з простай сялянскай сям’і Пётра (так сам сябе называў майстар) нарадзіўся ў 1900 годзе ў вёсцы Стаўрова, што недалёка ад Казян. Адукацыю атрымаў у Вільні, але ўсю сваю творчасць прысвяціў роднай Браслаўшчыне і яе жыхарам. Адсюль жа чэрпаў натхненне. Больш як за 60 гадоў актыўнай творчай дзейнасці мастака свет пабачылі каля 600 яго работ, большасць з якіх выкананы ў партрэтным жанры. Увогуле майстар імкнуўся ў кожнай сваёй карціне адлюстраваць лад жыцця простага заходнебеларускага селяніна. Аднак сярод мноства партрэтаў ёсць і выявы вядомых беларусаў – Максіма Танка і Міхася Лынькова. З жыцця наш вядомы зямляк пайшоў у 1984 годзе, пакінуўшы пасля сябе годную творчую спадчыну, крупінкі якой цяпер знаходзяцца ў музеях і прыватных калекцыях па ўсім свеце.
Зараз мемарыяльны куток, прысвечаны Пятру Сергіевічу, існуе ў Казянскай бібліятэцы, якая, дарэчы, носіць яго імя.
Трэба зазначыць, што звычайнае на першы погляд мерапрыемства такім як раз і не было. Замест нуднага апавядання я пабачыў актыўны і шчыры дыялог. Высветлілася нават, што нехта ахвяраваў партрэт сваёй бабулі рукі майстра ў музей. Магчыма, прычына такой зацікаўленасці крыецца ў асаблівасцях аўдыторыі. А мо так і трэба шанаваць памяць людзей, якія аддалі ўсё жыццё на праслаўленне роднага краю.
Вячаслаў Каладынскі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *