IMG_3462 (Small)

Пад гукі вальса і апошняга званка

Актуальное

IMG_3462 (Small)У апошнія дні мая па ўсёй краіне адбыліся ўрачыстыя лінейкі і для тысяч дзяцей прагучаў вясёлы школьны званочак. Адных ён паклікаў на канікулы, а вось для выпускнікоў ён стаў апошнім і апавясціў пра тое, што настала пара развітацца са сваімі навучальнымі ўстановамі, настаўнікамі, шчаслівым часам дзяцінства, каб зрабіць упэўнены крок у дарослае жыццё.
У Відзаўскай школе ўрачыстая лінейка адбылася 30 мая, і самымі галоўнымі дзеючымі асобамі, вядома ж, на ёй былі выпускнікі, для якіх гэта школьнае мерапрыемства было апошнім. У гэты дзень першыя віншаванні ім падарылі запрошаныя госці – намеснік старшыні райвыканкама Іна Лысенка, старшыня Відзаўскага сельскага Савета дэпутатаў Мар’ян Хадасевіч, начальнік аддзела адукацыі Іван Абаровіч. Шмат прыемных слоў выпускнікам выказалі дырэктар школы Сяргей Алёшын, настаўнікі і бацькі.
Відзаўская школа – адна з самых вялікіх у раёне, навучальны год тут скончылі 332 вучні, сярод якіх 28 адзінаццацікласнікаў. Такая вялікая сям’я па праву ганарыцца і сваімі дасягненнямі. Сярод іх перамога ў раённых і абласных конкурсах рознай накіраванасці, такіх як “Беларусы ў Лондане”, “Калядная зорка”, “Прывітанне, свет”, “Маладыя галасы”. Такіх значных дасягненняў магло і не быць, калі б не вопытны калектыў настаўнікаў. Яны і самі выдатна сябе праявілі ў розных творчых конкурсах, сярод якіх і “Цудоўная пяцёрка”. А ў мінулым годзе школа стала пераможніцай раённага агляду-конкурсу на лепшую падрыхтаванасць да навучальнага года.
Ганарацца відзаўчане і сваімі спартыўнымі дасягненнямі. А каб іх было яшчэ больш, выхаванне спортам трэба пачынаць з малога ўзросту.
― Самай масавай на планеце і любімай гульнёй школьнікаў па праву з’яўляецца футбол, ― зазначыла начальнік разлікова-касавага цэнтра №5 у г. Браслаў аддзялення ААТ “Белаграпрамбанк” у г. Глыбокае Ірына Галачова. – Таму добрай традыцыяй стала пры падтрымцы Міністэрства адукацыі, ААТ “Белаграпрамбанк” і Асацыяцыі “Беларуская федэрацыя футбола” дарыць першакласнікам футбольныя мячы. У гэтым годзе каля 22,5 тысячы першакласнікаў з 2 тысяч устаноў адукацыі краіны атрымалі такія падарункі на ўрачыстых лінейках, сярод іх і першакласнікі Браслаўшчыны.
Пад гучныя апладысменты мячы і флажкі з лагатыпам банка Ірына Станіславаўна ўручыла 28 першакласнікам з Відзаўскай школы і пажадала ім новых спартыўных перамог. Такія падарункі змогуць зрабіць іх летні адпачынак актыўным і карысным для здароўя.
А вось у Далёкаўскай школе футбольныя мячы атрымалі два першакласнікі. З кожным годам дзяцей тут становіцца ўсё менш. Выклікана гэта рознымі прычынамі, сярод якіх малая нараджальнасць, пераезд у буйныя гарады маладых і іншае, спыніць якія немагчыма нікому. Таму было прынята рашэнне аб рэарганізацыі сярэдняй школы ў базавую.
І сёлета апошні званок тут прагучаў з асаблівым жалем. Юбілейны пяцідзясяты выпуск сярэдняй школы стаў апошнім. Калі звярнуцца да гісторыі, Далёкаўская школа прайшла шлях ад невялічкай пачатковай да адной з самых буйных у раёне сярэдняй школы. З гэтых сцен выйшла шмат выпускнікоў, якія сталі вядомымі людзьмі не толькі ў раёне, але і краіне. Але настаўнікі ганарацца кожным сваім былым вучнем, у тым ліку і 10 выпускнікамі, якія пакінулі сцены роднай установы адукацыі сёлета. Зараз у школе засталося каля 30 вучняў, а ў кожным класе па тры-чатыры чалавекі. Што чакае школу ў будучым пакажа час.
Песні пра школу, слёзы на вачах выпускнікоў і іх бацькоў, паветраныя шары ў небе і апошні школьны вальс запомняцца выпускнікам назаўсёды, а значыць, будзе жыць і памяць пра родную школу.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.