Браслаўскіх школьнікаў сабраў турзлёт

Актуальное

IMG_4104 (Small)Як толькі падыходзіць да канца навучальны год і пачынаецца лета, дзеці з захапленнем і энтузіязмам пачынаюць збіраць рукзакі і вывучаць накірунак сваёй вандроўкі, у якую хутка адправяцца. А самыя смелыя, хуткія і апантаныя турызмам адпраўляюцца на стаянку “Окменіца”, дзе праходзіць раённы турзлёт школьнікаў, які па добрай традыцыі кожны год ладзіць Цэнтр дзяцей і моладзі.
У гэтым годзе турыстычная сага, якая доўжылася два дні, аб’яднала школьнікаў з 23 устаноў адукацыі раёна, а гэта ўжо сапраўдны рэкорд па колькасці каманд-удзельніц. Прыемна, што прымушаць да ўдзелу ў злёце не было патрэбы. Амаль у кожнай школе існуе турыстычны гурток, дзеці добра валодаюць навыкамі праходжання дыстанцыі і з ахвотай кожны год прыязджаюць на Окменіцу, каб паспаборнічаць за галоўны прыз.
На адкрыцці турысцкага злёту начальнік раённага аддзела адукацыі Іван Абаровіч адзначыў, што турзлёт – лагічнае завяршэнне доўгага навучальнага года і пачатку летняга адпачынку. Таму для школьнікаў ён становіцца сапраўднай падзеяй. І гэта не толькі спартыўныя і творчыя выпрабаванні, а яшчэ магчымасць цудоўна правесці час, набыць новых сяброў.
Усе каманды адразу былі нацэлены на перамогу, не збіраліся аддаваць лідарства і пераможцы мінулага года – юныя турысты з Ахрэмаўскай школы. І вось нарэшце наступіў доўгачаканы момант старту. Дарэчы, арганізатары кожны год не толькі спрабуюць здзіўляць школьнікаў, але і прыдумваюць ім усё новыя выпрабаванні і хітрыкі. Так, сёлета праграма злёту папоўнілася новым спартыўным спаборніцтвам, падчас якога дзеці праходзілі спартыўнае арыентаванне, змагаліся ў армрэстлінгу, штурханні ядра і дартсе. Надоўга запомніцца ім і вечар першага дня турзлёту, калі ў адзін круг сабраліся ўсе ўдзельнікі, каб паказаць свае таленты і здольнасці ў конкурсе турыстычнай самадзейнасці з яркай назвай “Добрыя турысты дома не ляжаць”. Усе каманды падарылі ўвечары сапраўднае канцэртнае шоу, якое прымусіла журы задумацца, якая ж каманда ўсё ж такі лепшая.
Асноўная ж турыстычная паласа была двух узроўняў складанасці – для тых, хто тэхнічна падрыхтаваны, і для дзяцей, якія валодаюць асноўнымі турысцкімі навыкамі. Таму магчымасці для перамогі былі ва ўсіх роўныя. Тапаграфічныя знакі, пераправы, вязка вузлоў, даўрачэбная дапамога – усё гэта павінен ведаць любы турыст, выдатна з такімі выпрабаваннямі справіліся і школьнікі. Уразіў і высокі ўзровень газет, якія дзеці павінны былі выпусціць на месцы.
Школьнікам на гэты раз пашанцавала. Цёплае і сонечнае надвор’е толькі падбадзёрвала і надавала новых сіл і настрою. Два дні спаборніцтваў праляцелі імгненна. І вось настаў самы ўрачысты момант злёту, калі ўсе выпрабаванні ўжо скончыліся і засталося галоўнае – узнагародзіць лепшыя каманды. У кожным конкурсе былі свае лідары. Але ў агульнакамандным заліку сярод базавых школ трэцяе месца заваявала Быстрымаўская школа, другімі сталі вучні з Мяжанскай, а перамаглі пастаянныя ўдзельнікі і бывалыя турысты з Кансталінскай. Сярод сярэдніх школ трэцімі сталі вучні Опсаўскай, другімі гімназісты, а лідарства за сабой захавалі вучні Ахрэмаўскай.
Цэнтр дзяцей і моладзі ўзнагародзіў пераможцаў дыпломамі і салодкімі падарункамі. А самы галоўны прыз, кубак раённага турзлёту, зноў аказаўся ў Ахрэмаўскай школы. Пакрыўджаных не засталося, дадому ж дзеці раз’язджаліся з добрым настроем і жаданнем вярнуцца сюды ў наступным годзе.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *