У нагу з часам

Актуальное

IMG_3473 (Small)Сучаснае жыццё немагчыма ўявіць без інфармацыйных тэхналогій. У свеце вялізнага аб’ёму інфармацыі яны сталі сродкам не толькі зносін, а і кіравання, удасканальвання эканамічных і сацыяльных працэсаў. Пра іх забаўляльныя магчымасці ўвогуле расказваць не трэба – яны вялізныя.
Браслаўшчына ў гэтай сферы выглядае даволі ўпэўнена, як на фоне вобласці, так і рэспублікі. Раённы вузел электрасувязі ўжо на працягу некалькіх апошніх гадоў выконвае ўсе даведзеныя эканамічныя паказчыкі ў рамках бізнес-плана. Сёння ў дзейнасці арганізацыі стаўка робіцца на прадастаўленне спажыўцам якасных паслуг, пашырэнне іх спісу і аб’ёмаў. Фізічныя і юрыдычныя асобы карыстаюцца паслугамі РВЭС на ўсёй тэрыторыі раёна, прычым у сельскай мясцовасці абанент мае такія ж магчымасці і якасць, як і жыхар райцэнтра. Выключэннем з’яўляюцца некаторыя найбольш аддаленыя населеныя пункты, але і над гэтай праблемай калектыў прадпрыемства напружана працуе.
У раёне дзейнічае 31 вузел перадачы даных, якія на 100% забяспечваюць паслугамі Браслаў, усе аграгарадкі і больш-менш буйныя населеныя пункты. Усе школы і сельсаветы, большасць сельгаспрадпрыемстваў забяспечаны шырокафарматным доступам у Інтэрнэт. Увогуле ж карыстальнікаў сусветнай сеткі па тэхналогіі ADSL у раёне 4250, інтэрактыўнае тэлебачанне ZALA глядзяць больш за 3800 абанентаў, а стацыянарнай тэлефоннай сувяз’ю забяспечаны 11556 абанентаў, з якіх паўтары тысячы карыстаюцца бесправаднымі тэхналогіямі WLL.
Здавалася б, тэлефон і інтэрнэт ёсць амаль у кожнай хаце, у кожным кабінеце арганізацый і прадпрыемстваў – мэты дасягнуты. Але месца для манеўраў яшчэ ёсць. Перспектыўным накірункам у сферы інфармацыйных тэхналогій з’яўляецца развіццё паслугі “Відэаканферэнцыя”, якая дазваляе праводзіць нарады і пасяджэнні ў рэжыме online, прычым калегу ці падначаленага можна не толькі чуць, але і бачыць. Пастаянна пашыраецца спіс паслуг і магчымасцей для ўжо існуючых абанентаў. Да таго ж ніхто не ведае, якія тэхналогіі з’явяцца заўтра. А іх таксама трэба будзе прапанаваць спажыўцу.
Такім чынам, зладжаны і прафесіянальны калектыў Браслаўскага раённага вузла электрасувязі працуе плённа і рэзультатыўна, мае пэўныя поспехі. І апошнія не застаюцца незаўважанымі. Так, у 2011-м годзе за высокія дасягненні арганізацыя была ўзнагароджана Ганаровай граматай аблвыканкама, у 2012-м – граматай Міністэрства сувязі. Сёлета ж таксама не абышлося без узнагарод: за дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў, шматгадовую добрасумленную працу і значны ўклад у развіццё і ўдасканальванне сувязі ў Рэспубліцы Беларусь начальнік Браслаўскага РВЭС Дзмітрый Ціваловіч узнагароджаны нагрудным знакам “Ганаровы работнік сувязі Беларусі”.

Вячаслаў Каладынскі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *