IMG_1919 (Small)

Не спыняецца на дасягнутым

Актуальное

Перад кожным чалавекам адкрываюцца шырокія жыццёвыя прасторы з рознымі магчымасцямі. І часта найбольш складаным у жыцці з’яўляецца не памыліцца з выбарам, знайсці сваю дарогу, па якой пойдзеш далей.
Малады спецыяліст ААТ “Агравідзы” Людміла Быкава лічыць, што зрабіла правільны выбар, калі згадзілася ехаць у Браслаўскі раён і працаваць у сельскай гаспадарцы. Падкрэслівае гэта і той факт, што, адпрацаваўшы два гады, маладая дзяўчына не спяшаецца пакідаць сваё месца працы, а застаецца ў сельскай мясцовасці.
Людміла нарадзілася і вырасла ў прыгожым Полацку. Калі прыйшоў час вызначыцца з будучай прафесіяй, выбрала для сябе адзін з самых прэстыжных факультэтаў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі – эканамічнай кібернэтыкі. Даволі незвычайная для дзяўчыны спецыяльнасць не спужала яе, бо з дзяцінства Люда захаплялася камп’ютарамі, лёгка даваліся ёй і дакладныя матэматычныя навукі.
Калі дзяўчына вучылася на апошніх курсах, іх спецыяльнасць атрымала новы накірунак. А гэта значыла, што месца працы ў будучыні маладому спецыялісту трэба было выбіраць у сельскай гаспадарцы. Дарэчы, акадэмію Людміла скончыла з чырвоным дыпломам. І такому спецыялісту былі б рады ў любой гаспадарцы.
Яе выбар спыніўся на Браслаўшчыне і адной з лепшых у раёне гаспадарак – ААТ “Агравідзы”. Маладую, актыўную і адукаваную дзяўчыну адразу прынялі і прапанавалі заняць пасаду галоўнага эканаміста. Вядома, першыя крокі ў прафесію, як і ў кожнага маладога спецыяліста, былі няпростыя. Але падтрымка вопытных калег, жаданне навучыцца і авалодаць у поўнай меры сваёй прафесіяй, дапамаглі. За два гады Людміла ўнікла ва ўсе справы, навучылася таму, чаго не ведала. Зараз яна з лёгкасцю спраўляецца са сваёй работай, адчувае сябе ў калектыве больш упэўнена, ужо і сама можа нешта падказаць і параіць калегам. Уся дакументацыя ў дзяўчыны ў поўным парадку, справаздачы заўсёды зроблены і здадзены ў тэрмін. А па другому і нельга, бо Люда яшчэ са студэнцкіх гадоў прывыкла, што ўсё ў яе павінна быць зроблена выдатна.
Безумоўна, аб’ём работы ў маладога спецыяліста вялізны, і самая гарачая пара прыходзіцца на лета. Часам нават ноччу прыходзіцца ехаць у кантору і рабіць інфармацыйныя лісткі, каб раніцай яны былі гатовы. Складанасці ж яе не пужаюць, бо Людміла не з тых, хто баіцца. Яна лічыць, што здольная справіцца з любой складанай задачай. Ды і кіраўніцтва ААТ таксама падтрымлівае свайго спецыяліста.
За два гады працы дзяўчына пазнаёмілася з браслаўскім краем і ён для яе стаў амаль родным. Тут у яе з’явілася шмат сяброў, новыя цікавасці. Актыўная і вясёлая Людміла не любіць сядзець на месцы, і хоць вольнага часу ў яе зусім мала, стараецца ўдзельнічаць у жыцці раёна. Так, у мінулым годзе яна прадстаўляла Браслаўшчыну на конкурсе “Уладар сяла”, з’яўляецца актыўным членам БРСМ. А па выніках раённага спаборніцтва за 2012 год яна прызнана лепшым маладым спецыялістам.
Пра планы на будучыню Людміла не загадвае, толькі заўважае, што хацела б стварыць добрую і моцную сям’ю, дабіцца яшчэ большых поспехаў у прафесіі. Яна лічыць, што ў жыцці не трэба спыняцца на дасягнутым, а ісці наперад, не баяцца перашкод і выпрабаванняў.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.