ЮІДаўцы за бяспеку руху

Актуальное

Кожную вясну ў нашым раёне праводзіцца конкурс “Юных інспектараў дарожнага руху”. Вучні школ раёна цэлы год рыхтуюцца да гэтай падзеі: вучаць правілы дарожнага руху, практыкуюцца ў аказанні медыцынскай дапамогі, трэніруюцца ў фігурным кіраванні веласіпедам. І не дарэмна, бо пераможца становіцца не толькі лепшым у раёне, але і прадстаўляе яго на рэгіянальным і абласным этапах.
Вось і на гэты раз прадстаўнікі 8 устаноў адукацыі раёна сабраліся на юбілейны 40-ы злёт-конкурс, які па традыцыі рыхтаваўся пад кіраўніцтвам супрацоўнікаў ДАІ РАУС, а арганізатарам выступіў цэнтр дзяцей і моладзі.
Першы этап конкурсу ЮІД – “Агітацыйна-мастацкае прадстаўленне” – прайшоў у лютым. На ім былі вызначаны свае пераможцы. Зараз жа наступіла чарга самых складаных і адказных этапаў.
Так, у конкурсе “Тэарэтычны экзамен на веданне ПДР” трэба было падсумаваць ўсе свае веды па правілах дарожнага руху і адказаць на пытанні. Правільныя адказы дадавалі балы сваёй камандзе. Не менш складана было і ў конкурсе “Аказанне першай дапамогі пацярпеламу”. Тут ужо ЮІДаўцы паказалі свае медыцынскія веды. А вось сапраўднага майстэрства, хуткасці і спрыту патрабаваў этап “Фігурнае ваджэнне веласіпеда”. Прызнацца, не ва ўсіх выдатна атрымлівалася ўціхамірыць двухколага “сябра”, але гэта не спыняла ўдзельнікаў на шляху да перамогі. Яны ўпэўнена націскалі на педалі і раз за разам пераадольвалі даволі складаную паласу перашкод. Акрамя гэтага, амаль кожная каманда прывезла з сабой сваю насценгазету.
Пасля доўгай і напружанай барацьбы па выніках усіх конкурсаў пальму першынства раённага злёту ЮІД і новы веласіпед атрымала каманда гімназіі, якая і прадставіла наш раён у гэту пятніцу на рэгіянальным конкурсе, што прайшоў у Шаркаўшчыне. Крыху адсталі ад пераможцы школьнікі СШ №1, трэцімі былі вучні Відзаўскай школы. Лепшая насценгазета атрымалася ў Відзаўскай школы.
У індывідуальным заліку па фігурным ваджэнні веласіпеда ў старэйшай групе сярод хлопцаў лепшым быў Яўген Угарэнка (Слабодкаўская СШ), у дзяўчат – Вераніка Круміна (СШ №1). У малодшай групе перамаглі Яўген Кажаронак (СШ №2) і Ганна Рымкевіч (Друйская СШ). Лепшымі знаўцамі ПДР прызнаны ў старэйшай групе Міхаіл Даргель (Мількаўская дзіцячы сад-школа) і Рэната Сушчынская (Слабодкаўская школа), у малодшай – Алег Лапко (гімназія) і Валерыя Сплашнова (СШ №1). Як трэба аказваць першую дапамогу пацярпелым, лепш за ўсё ведаюць Яўген Угарэнка (гімназія) і Вікторыя Адамёнак (Слабодкаўская школа) у старэйшай групе, Вячаслаў Ажэшкоўскі (Слабодкаўская школа) і Вераніка Станюль (Відзаўская СШ) – у малодшай групе.
Адназначна можна сказаць, што ніхто не застаўся ў пройгрышы. Кожны для сябе вынес веды, якія яму спатрэбяцца на дарозе. Лепшыя ж атрымалі падарункі і дыпломы з рук начальніка РАУС Вячаслава Грышчанкі. І ўжо не першы год конкурс знаходзіць падтрымку. У гэтым годзе набыць падарункі дапамаглі хлебазавод, ПУП СТА “Браслаў” і ПУП “Аўтасэрвіс-Браслаў”.
ЮІДаўцы ж яшчэ раз даказалі, што яны вясёлыя, жыццярадасныя, творчыя дзеці, якія займаюць актыўную грамадзянскую пазіцыю ў барацьбе за бяспеку ўдзельнікаў дарожнага руху.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *