Вернасць выбранаму шляху

Актуальное

У школьныя гады Святлана бачыла сябе ў будучым педагогам ці юрыстам. Педагогам таму, што кожны дзень даводзілася сустракацца з людзьмі гэтай прафесіі на ўроках, і вельмі падабалася, як яны выкладалі свой прадмет, з якой любоўю адносіліся да дзяцей і стараліся перадаць ім свае веды. Юрыстам таму, што хацелася дапамагаць людзям у вырашэнні іх праблем. Аднак жыццё павярнулася такім чынам, што па парадзе бацькі выбрала для сябе прафесію правізара. Яна таксама мае на ўвазе дапамагаць людзям, пастаянна быць на сувязі з імі.
Аптэка ў Сянно, дзе дзяўчына жыла і расла, знаходзілася праз дарогу ад школы. На перапынках дзяўчынкі любілі бегаць туды за аскарбінкай і гематагенам, якія тады лічыліся своеасаблівым ласункам. Аднак прафесія правізар у той час для С. Карпіцкай ні пра што не гаварыла. І ўсё ж яна стала выбарам на ўсё жыццё.
Закончыла сярэднюю школу. Пяць гадоў вучобы ў Віцебскім медыцынскім інстытуце на фармацэўтычным факультэце праляцелі непрыкметна, тым больш, што даводзілася сумяшчаць вучобу з актыўнай грамадскай работай. Была старастай курса, што патрабавала дадатковай нагрузкі і вялікай адказнасці.
Пасля 4 курса выйшла замуж. Выбар месца работы быў адзін – Браслаў, дзе ў той час ужо працаваў муж. Працаўладкавалася ў цэнтральную аптэку №105. Яе сёння Святлана Карпіцкая называе сваім другім домам, бо працуе тут з 1981 года і да сённяшняга дня.
У працоўнай дзейнасці ёй давялося прайсці шлях ад радавога правізара да загадчыка. Цяпер яна намеснік загадчыка аптэкі.
Жанчыне давялося сутыкнуцца з асаблівасцямі работы аптэкі савецкай і сучаснай. Аптэка 80-ых не песціла наведвальнікаў багатым выбарам лекавых сродкаў. Назіраўся іх пастаянны дэфіцыт, нягледзячы на невялікі кошт. Прытым, дэфіцытам магло ў адну хвіліну стаць усё – ад бінтоў да звычайнага цытрамону. Праблема была не ў тым, як купіць, а як і дзе дастаць патрэбныя лекі.
Менавіта тады С. Карпіцкая навучылася спалучаць у сваёй рабоце прафесіяналізм, арганізатарскія здольнасці, навучылася ўменню не падпарадкоўваць сабе калектыў, а ўмела накіроўваць яго дзейнасць у патрэбнае рэчышча.
Цяпер жа сітуацыя зусім іншая. Асартымент тавараў у аптэцы багаты і разнастайны. Акрамя неабходных таблетак і ін’екцый, можна набыць касметычныя, парфумерныя сродкі, дзіцячае харчаванне, неабходныя прадметы догляду за хворымі.
Службовыя абавязкі намесніка загадчыка аптэкі разнастайныя: удзел у арганізацыі работы цэнтральнай аптэкі і ўсіх аптэчных арганізацый раёна па аказанні эфектыўнай і своечасовай дапамогі насельніцтву і лячэбна-прафілактычным установам, на патрэбным узроўні падтрымліваць асартымент лекавых сродкаў, адпускаць лекі ў структурныя падраздзяленні, кантраляваць таварныя запасы, абаротнасць. І з усімі гэтымі абавязкамі Святлана Карпіцкая вось ужо колькі гадоў запар спраўляецца выдатна.
Безумоўна, у яе неаднойчы выдавалася магчымасць пераехаць у іншы горад, змяніць не толькі месца працы, але і жыхарства. Але заўсёды перамагаў здаровы сэнс. Яна заўсёды разумела, што аптэка патрэбна не толькі ў мегаполісе, але і ў маленькім горадзе, вёсцы. І таму не здрадзіла сваёй любімай аптэцы №105 і гораду Браславу.
Прафесія правізара вельмі шматгранная. Але галоўнае яе прызначэнне – аказваць дапамогу людзям. Прыходзячы ў аптэку, яны купляюць неабходныя лекі, могуць зрабіць заказ на тыя, якія ў дадзены момант адсутнічаюць. Тут падкажуць, параяць, бо працуюць з людзьмі і для людзей.
Святлана Карпіцкая не можа ўявіць сябе ў іншай прафесіі. Выбраўшы такі шлях для сябе аднойчы, яна крочыць па ім упэўнена і цвёрда больш за 30 гадоў без якога б ні было шкадавання.

Зінаіда Палулех.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *