Педагогі-мужчыны, дзе вы?

Актуальное

У апошні час амаль не засталося прафесій, якія б не засвоілі жанчыны. Прадстаўніцы цудоўнай паловы чалавецтва ўсё часцей носяць пагоны, кіруюць аўтамабілямі, дэманструюць поспехі ў відах спорту, якія раней лічыліся выключна мужчынскімі. Такі расклад, безумоўна, радуе. Але калі паглядзець на тэндэнцыю з іншага боку, няцяжка заўважыць і пэўныя перакосы. На фоне павелічэння прысутнасці жанчын у раней неўласцівых ім сферах дзейнасці з некаторых прафесій назіраецца адток мужчын. Ні для каго не сакрэт, што адукацыя ў іх ліку. Сёння беларуская школа, я маю на ўвазе сярэднюю, амаль аддадзена на водкуп жанчынам.
Не абмінула гэта праблема і Браслаўшчыну. Мяркуйце самі, сярод педагогаў раённай сістэмы адукацыі мужчын менш за 12%. Нават кіраўнікамі ўстаноў у апошні час становяцца ўсё больш жанчыны (64%). Між тым, гістарычна склалася так, што настаўнікамі, пачынаючы з першабытных часоў, былі прадстаўнікі моцнага полу. Жанчынам дазвалялі займацца толькі з дзяўчынкамі.
У многіх краінах свету і зараз настаўнік – мужчынская прафесія. У Велікабрытаніі і Швейцарыі, напрыклад, большасць педагогаў – мужчыны. Магчыма супадзенне, але ці варта гаварыць пра ўзровень развіцця гэтых дзяржаў? Японія ўвогуле наперадзе ўсёй планеты – больш за 80% настаўнікаў – мужчыны, нават у пачатковай школе. Але тут трэба заўважыць, што на Усходзе выхаванню маладога пакалення традыцыйна надаецца вельмі вялікая ўвага. З улікам менталітэту, у якім прысутнічаюць ноткі патрыярхату, вобраз настаўніка-мужчыны не абмяркоўваецца ўвогуле. Дарэчы настаўнік па-японску – “сэнсэй”, што дакладна перакладаецца як “раней народжаны”. Гэтае словазлучэнне дае падставы выкарыстоўваць слова “сэнсэй” у значэнні “мудры”. Адсюль і некаторыя пытанні. Нельга сказаць, што менталітэт беларусаў адхіляе жыццёвы вопыт старэйшых пакаленняў. Але мудрасць перадаецца праз выхаванне. А цяпер уявіце мужчыну ў школе: фізрук, настаўнік працы, радзей матэматык ці іншы прадметнік. Іх задача перш за ўсё навучыць. Выхоўваюць жа ў асноўным жанчыны. Добра гэта ці не – пакажа час.
А пакуль, калі мы ўспамінаем свае школьныя гады, то перш за ўсё ў памяці ўсплывае настаўніца, а не настаўнік. У грамадстве ж мужчына карыстаецца большым аўтарытэтам. Ці азначае гэта, што і на навучэнцаў ён уздзейнічае больш моцна? Апытанне, праведзенае супрацоўнікамі рэдакцыі наконт даверу вучняў настаўніку, паказала цікавыя вынікі. Высветлілася, што настаўнікам-жанчынам давяраюць 23% са 180 апытаных, настаўнікам-мужчынам – 25%. Астатнія ж выказалі думку, што майстэрства педагога і ўзровень даверу яму не залежаць ад палавой прыналежнасці. Тым не менш гендэрныя асаблівасці педагога ўплываюць на метады і вынікі навучання. Псіхолагі кажуць, што настаўнікі-мужчыны імкнуцца да кіравання вучнямі, а не да супрацоўніцтва з імі. У сваёй дзейнасці арыентуюцца на больш глабальныя мэты. Яны больш схільныя да даследчай работы, аддаюць перавагу якасці, а не колькасці матэрыялу. Да таго ж мужчына з большай лёгкасцю адарвецца ад дома і сходзіць з дзецьмі ў паход, адвязе на экскурсію.
Вельмі важная роля мужчын у выхаванні. Дзецям, асабліва хлопчыкам, патрэбен узор для пераймання. У сучасным жа грамадстве, дзе няпоўная сям’я – звычайная справа, гэты аргумент становіцца асабліва актуальным: дома – маці, у школе – настаўніца. А дзе і ў каго вучыцца мужчынскім паводзінам, прымаць рашэнні і несці за іх адказнасць? Звычайна – на вуліцы ў старэйшых пацаноў. Вынікі такога “выхавання” мы ўсе добра ведаем.
Дык чаму ж школа застаецца без мужчын? Адназначнага адказу, мабыць, няма. Пачуць можна розныя меркаванні: мала плацяць, непрэстыжна, руціна. А мо гэта ўсё ўзаемазвязана? Да таго ж сучасныя рэаліі такія, што настаўнік вымушаны займацца зусім не тым, што большасць з нас мае на ўвазе, пачуўшы словазлучэнне “педагагічная дзейнасць”. Тут нават больш цярплівыя жанчыны іншы раз не вытрымліваюць.
Аднак хочацца спадзявацца, што грамадства і дзяржава пераасэнсуюць сваё стаўленне да школы як інстытута фарміравання адукаванага і добра выхаванага грамадзяніна, які ў будучым будзе адказваць за лёс цэлай краіны. Думаецца, што наступіць час, калі на пытанне “Як ты?” можна будзе з гонарам адказаць: “Выдатна! Працую ў школе.” Тады нашых дзяцей будуць выхоўваць сапраўдныя прафесіяналы, якія любяць сваю справу і зацікаўлены ў добрым выніку. У тым ліку і мужчыны.

Вячаслаў Каладынскі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *