На дасягнутым не спыняюцца

Актуальное

Браслаўская гімназія заўсёды славілася актыўным удзелам у інавацыйных і міжнародных праектах, была пляцоўкай для апрабавання новых ідэй і ініцыятыў. Вось і на працягу апошніх трох гадоў навучэнцы ўстановы і іх кіраўнікі напружана працавалі ў рамках аднаго з іх. Праект пад назвай “Укараненне мадэлі арганізацыі ключавых практык, як фактар асабістага развіцця навучэнцаў” стартаваў у 2010 годзе і быў закліканы прыцягнуць у жыццё Браслаўшчыны інавацыі, звязаныя з ідэямі ўстойлівага развіцця. Трэба сказаць, што ідэйным натхняльнікам праекта, як і многіх іншых, была Наталля Андрук. Сёння яе няма з намі, але жыве памяць. І ўдзельнікі семінара ўшанавалі яе хвілінай маўчання.
У рамках праекта гімназісты прапанавалі і падтрымалі шэраг ініцыятыў, стварылі сайт сваёй установы, удзельнічалі ў інтэрнэт-праектах. Але галоўным дасягненнем гімназіі стала стварэнне і ўкараненне ў жыцці чатырох комплексна-мэтавых праграм, якія датычацца культуры Паазер’я, здароўя насельніцтва еўрарэгіёну “Азёрны край”, эфектыўнага прыродакарыстання і энергазберажэння, адкрытасці нашых людзей і іх гатоўнасці супрацоўнічаць на міжнароднай арэне. Кажучы пра непасрэдных удзельнікаў праекта, нельга не ўзгадаць тых, хто прыняў на свае плечы асноўную нагрузку – каардынатара Алу Ганчарову, арганізатара супрацоўніцтва, у тым ліку міжнароднага, Людмілу Хілько, педагогаў-каардынатараў дзіцяча-дарослых груп Вольгу Лукшу, Вячаслава Крапа, Наталлю Дземяшкевіч, Валянціну Жылевіч, Святлану Мацкевіч, Аксану Сіўко, Паўла Шакеля. З дапамогай і пад кіраўніцтвам гэтых людзей юныя браслаўчане вучацца быць актыўнымі, генерыраваць карысныя ідэі, несці адказнасць за прынятае рашэнне, за лёс сваёй малой, а мо і не толькі, радзімы.
Афіцыйныя ж вынікі напружанай трохгадовай працы падводзілі на мінулым тыдні падчас семінара-практыкума. Удзел у ім прынялі прадстаўнікі ўстаноў і арганізацый з усёй Беларусі. Сярод іх кіраўнікі ўстаноў адукацыі новага тыпу, члены Віцебскага абласнога клуба “Лідэр”, менеджэры адукацыі. Удзельнікаў мерапрыемства віталі намеснік старшыні райвыканкама Іна Лысенка, начальнік аддзела адукацыі Іван Абаровіч, дырэктар гімназіі Людміла Каптур. Сам жа семінар, як, дарэчы, і ўвесь праект, праходзіў пад кіраўніцтвам дацэнта кафедры кіравання ў сферы адукацыі ДУА “Акадэмія паслядыпломнай адукацыі” Сафіі Савелавай. Два дні ўдзельнікі семінара вывучалі вопыт браслаўчан, абмяркоўвалі вынікі праекта, дзяліліся ўражаннямі. На высокім узроўні былі адзначаны ініцыятыўнасць нашых гімназістаў, іх поспехі ў міжнародным супрацоўніцтве, некаторыя перадавыя ідэі, як, напрыклад, стварэнне дэпутацкага клуба, на пасяджэннях якога навучэнцы сустракаюцца з дэпутатамі мясцовых Саветаў і маюць магчымасць прапанаваць свае ідэі непасрэдна прадстаўнікам улады.
Па словах дырэктара браслаўскай гімназіі Людмілы Каптур, ва ўстанове заўжды разумелі важнасць і актуальнасць ідэй устойлівага развіцця. Яны падштурхоўваюць маладое пакаленне не проста быць спажыўцамі, але і задумвацца пра будучыню ў самым прамым сэнсе. “Таму спыняцца на дасягнутым мы не збіраемся і ўжо ў красавіку плануем стаць удзельнікамі новага праекта, які будзе датычыцца развіцця прадпрымальнасці ў нашых навучэнцаў”, – сказала Людміла Іванаўна. Што ж, поспехаў вам, гімназісты.

Вячаслаў Каладынскі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *