Цуд чароўнай вышыўкі

Актуальное

Каб знайсці справу па душы, неабходны здольнасці, цярплівасць і жаданне сваімі рукамі рабіць прыгожае. Такімі якасцямі і валодае Жанна Станкевіч з Далёкіх. Увесь вольны час маладая дзяўчына праводзіць за сваім шматгадовым захапленнем – вышыўкай.
З дзяцінства яе ўвагу прыцягвалі цудоўныя вышываныя карціны, вязаныя сурвэткі суседак і знаёмых жанчын. Але паспрабаваць стварыць такую прыгажосць сваімі рукамі спачатку баялася. Калі ж упэўнілася ў сваіх сілах, узялася за ніткі.
Першай работай, якую Жанна вышывала, былі цудоўныя ружы. Яны і зараз захаваліся ў калекцыі маладой дзяўчыны як напамін пра сваё пачынанне. А потым з пад умелых рук на свет адна за адной сталі з’яўляцца розныя работы. Ідэі для іх спачатку брала з журналаў вышыўкі, а потым з інтэрнэта. Там жа знайшла і такіх жа апантаных гэтай справай людзей, якія сталі яе сябрамі. Паспрабаваўшы зрабіць некалькі работ у тэхніцы вышывання, рука неяк сама сабой пацягнулася і да іголкі з ніткай бісеру. Так, крок за крокам і сталі складвацца маленькія пацеркі ў цудоўныя карціны.
– Сама сутнасць працэсу вышывання, – пачынае тлумачыць дзяўчына, – і ў вышыўцы ніткамі, і ў вышыўцы бісерам амаль аднолькавая. Але бісер ажыўляе малюнак, робіць яго аб’ёмным, ды і тэхніка самой вышыўкі, мне здаецца, больш цікавая і сучасная. Таму зараз вышываю і бісерам.
Зараз у калекцыі рукадзельніцы больш за 30 розных карцін, ад невялічкіх да вялізных, вышываных ніткамі і бісерам. У доме, дзе Жанна жыве разам з маці і братамі, амаль у кожным пакоі ўбачыш яе работы. Раз за разам яна быццам малюе новы “шэдэўр”, непадобны на папярэдні. На адной карціне бягуць прыгажуны-коні, на другой расцвітаюць кветкі, а на трэцяй лётаюць птушкі. Прызнаецца, што больш за ўсё ёй падабаецца вышываць жывёл.
А ў апошні час Жанна вельмі захапілася вышыўкай бісерам ікон. Дарэчы, такія карціны лічацца вяршыняй майстэрства. Зрабіць іх вельмі складана і патрэбна шмат часу. Але, калі падысці да справы адказна, як Жанна, усё атрымаецца.
У кожную сваю работу дзяўчына ўкладвае ўсю цеплыню душы і шмат часу. А яго ў яе не так і шмат. Жанна працуе сацыяльным работнікам, кожны дзень яна праязджае 8 кіламетраў, каб наведаць дваіх пенсіянераў, а яшчэ дома трэба па гаспадарцы справіцца. Свае самыя любімыя работы пакідае сабе, астатнія дорыць сябрам, знаёмым. Некалькі вышытых бісерам ікон падарыла ксяндзу для Далёкаўскага касцёла.
Жанна не засяроджваецца на чым-небудзь адным. У яе шмат ідэй для новых твораў, а яшчэ дзяўчына хоча навучыцца другой тэхніцы – вышыўцы карцін стужкамі.
На маё пытанне, ці не надакучвае такое хобі, дзяўчына толькі ўсміхаецца і гаворыць, што трэба толькі паспрабаваць, і ад такога занятку адарвацца не зможаш.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *