Кухня для яе – рай

Актуальное

Згадзіцеся, не кожная жанчына сёння гатова прызнацца ў тым, што кухня для яе – рай. А вось для майстра – повара шостага разраду рэстарана “Азёрны” Валянціны Вецер кухня даўно стала сапраўдным раем, дзе яна можа ўвасабляць усе свае задумы, ідэі, фантазіі.
Толькі ў апошні час наведвальнікі рэстарана маглі паспрабаваць новыя стравы, якія прыдумала сама жанчына. Мяса, запечанае з ананасам пад соўсам з цытрусавых, з імбіром, размарынам, фаршыраванае мяса з ківі, мяса па-паляўнічаму, арыгінальныя салаты з аліўкамі, сельдэрэем, іншымі неардынарнымі інгрэдыентамі. Пералічваць усе стравы, якія сталі фірменнымі ў “Азёрным”, няма сэнсу. Іх трэба паспрабаваць, каб варта ацаніць па смаку.
У рэстаране бывае шмат гасцей, прытым і замежных. І ўсе яны станоўча адгукаюцца пра майстэрства повара Вецер. Стравы, прыгатаваныя ёю, не толькі смачныя, але і прыгожа з густам аформленыя. Словам, ніколькі не ўступаюць еўрапейскаму ўзроўню.
Шлях Валянціны Вецер у прафесію быў не вельмі простым. Амаль 15 гадоў разам з мужам Генадзем яны жылі ў Даўгаўпілсе. Валянціна працавала выпрабавальніцай электрамашыны цеплавоза на лакаматыўна – рамонтным заводзе. У 1992 годзе сям’я вярнулася на радзіму. Знайсці работу жанчыне было праблематычна. Праўда, праз год, як пабыла дома, тагачасны дырэктар аб’яднання грамадскага харчавання Іраіда Магалінская прапанавала ёй гандляваць квасам. Згадзілася. А праз пэўны час вызвалілася месца ў дзіцячым кафэ “Жарптушка”. Ужо тады ў В. Вецер з’явілася жаданне прапаноўваць сваім маленькім наведвальнікам не проста марожанае ці бутэрброды, а аздабляць іх, каб дзеткам было не толькі смачна, а і цікава есці.
Затым была праца ў сталовай гімназіі, СШ №2, кафэ “Сузор’е”. Неаднойчы В. Вецер удзельнічала ў розных конкурсах прафесіянальнага майстэрства, дзе здзіўляла калег і журы арыгінальнымі стравамі, рознымі кулінарнымі шэдэўрамі. З повара чацвёртага разраду дайшла да шостага. А ў рэстаране “Азёрны” жанчына змагла спаўна праявіць свае здольнасці і майстэрства. Яе стравы заўсёды вызначаюцца індывідуальнасцю. Прафесіяналізм Валянціны Вецер высока ацанілі і на рэспубліканскім узроўні, калі прысвоілі ёй званне майстра – повара.
Дзякуючы В. Вецер сёння можна з упэўненасцю сказаць, што “Азёрны” са сваёй кухняй мае асаблівы твар, які нельга пераблытаць, напрыклад, з кухняй рэстарана “Дрывяты” ці кафэ “Сузор’е”.
Заказваючы святочную вячэру на юбілей ці іншае свята, большасць заказчыкаў адразу цікавіцца: “А хто ў гэты дзень будзе поварам?”. І з задавальненнем згаджаюцца, калі называюць прозвішча Вецер.
Акрамя таго, што Валянціна сама пастаянна нешта прыдумвае і ўносіць новае ў меню, яна яшчэ з’яўляецца добрым настаўнікам для моладзі. На яе прыкладзе ў “Азёрным” падрастае дастойная змена маладых повараў, якія вучацца ў майстра адносінам да справы, мастацкаму афармленню страў, тонкасцям іх прыгатавання.
Рэстаратары кажуць, што посуд не абавязкова павінен быць сярэбраным, а вось повар павінен быць залатым. “Азёрнаму” пашанцавала на такога спецыяліста. Хочацца верыць, што Валянціна Вецер яшчэ доўга будзе прыемна здзіўляць наведвальнікаў рэстарана сваімі арыгінальнымі і смачнымі стравамі.

Зінаіда Палулех.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *