Як жывеш, фермер?

Актуальное

У пачатку 90-х, калі ў рэспубліцы зараджалася фермерства як новы від гаспадарання на зямлі, на старонках нашай газеты рэгулярна друкаваліся матэрыялы на гэтую тэму. Тады ў раёне была нават створана асацыяцыя фермераў, якая стаяла на абароне правоў новых сельскіх уласнікаў.
Аднак паціху энтузіястаў фермерскага руху станавіліся ўсё менш і менш. Прычын таму шмат, аналізам якіх не буду цяпер займацца. Скажу толькі, што сёння тыя, хто застаўся працаваць на зямлі ў якасці фермера, дзяліцца з прэсай, як ідуць у іх справы, не надта жадаюць. З усіх, з кім размаўляў, на сустрэчу згадзіўся толькі Эдуард Кажанеўскі. Але, калі я прыехаў на хутар Арцёмавічы, па волі абставін сам гаспадар вымушаны быў тэрмінова адлучыцца, таму маім правадніком і суразмоўцам згадзіўся быць яго першы дарадца і памочнік — бацька Мікалай Нікадзімавіч (на здымку).
У свой час ён з сям’ёй пакінуў бацькоўскую хату, доўгі час жыў і працаваў у Даўгаўпілсе. Калі ж суседняя рэспубліка аддзялілася ад Саюза, а некарэнным грамадзянам давалі толькі від на жыхарства, вярнуліся на сваю раздіму. У роднай хаце жыла сястра, таму рашылі купіць хутар побач. Але тая запярэчыла, маўляў, хворая, памрэ, не варта, каб бацькоўскі прытулак дастаўся невядома каму, і аформіла дарэнне. Праўда, калі давялося пераафармляць усе паперы на новага ўладальніка, заплацілі больш, чым прасілі за хату суседзі.
Сын Эдуард стаў фермерам, бо не згубіў цягу да працы на зямлі. Бацька ганарыцца сынам, які вырас майстрам на ўсе рукі. Ён умее і са зваркай працаваць, і сталярнічаць, і з любой тэхнікай упраўляецца.
У фермера 20 гектараў зямлі, 3 дойныя каровы і 4 цялушкі, 2 быкі, свінні, дробная жыўнасць. Вырошчвае збожжавыя, сее шмат канюшыны, каб рэгулярна перазалужаць пашу і сенакос. Праўда, апошнім часам крыху скараціў пагалоў’е БРЖ, бо ўдвух упраўляцца з ім цяжкавата. Хоць дояць кароў даільнымі бачкамі, але і механізаванае даенне займае шмат часу.
Сёлетні год быў не з лепшых, лічаць гаспадары. Прадалі каля 8 тон малака, быка. Вырашчаныя 6,5 тоны збожжа пакінулі на корм, бо хутка пачне цяліцца маладняк. На пашу выйдзе ўжо 7 дойных кароў, таму чакаюць, што валавы надой у будучым годзе ўзрасце больш як ў два разы. Думаюць развіваць не толькі малочную галіну, а і абзавесціся іншай жывёлай. Праўда, на пытанне якой, падзяліцца планамі мой субяседнік не пажадаў.
Такім чынам, гаспадарка будзе развівацца. Для апрацоўкі глебы ёсць у Эдуарда і поўны набор сельскагаспадарчай тэхнікі, прычапнога інвертару, рамантуе якія толькі ўласнымі рукамі. Адным словам, круцяцца бацька з сынам з раніцы да позняга вечара. Пацікавіўся я і наконт дзяржпадтрымкі фермерскай гаспадаркі, чым толькі расхваляваў Кажанеўскага старшага. Не адзін год просяць дапамагчы ў набыцці трактара на льгонтых умовых — не атрымліваецца. Сёлета ж, праўда, выдзелілі 300 кг фосфарных угнаенняў, вось і ўся падтрымка.
Як вынікала з нашай размовы, сёння фермер пакінуты сам-насам са сваімі праблемамі. І цягнуць нялёгкую ношу толькі такія апантаныя людзі, як Кажанеўскія.

Тэкст і фота Аляксандра Азевіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *