Свята гумару і таленту

Власть и общество

Сапраўдны калядны падарунак зрабілі браслаўчанам арганізатары і ўдзельнікі шоу-праграмы “Цудоўная пяцёрка — 2”. Усе, хто прыйшлі 25 снежня ў РДК, атрымалі моцны зарад пазітыву і добрага настрою. Прычынай таму – яскравыя нумары ў выкананні пяці каманд-удзельніц. Сёлета сваю творчасць на суд гледачоў і прадстаўнічага журы прадставілі ДП “Браслаў-камунальнік” (каманда Жэкушка), зборная браслаўскай моладзі (БАМ), калектыў відзаўскай школы (Віраж), каманда аграгарадка Ахрэмаўцы (Каралеўства Бяльмонты) і аддзел фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама (Браслаў спорт).
Пасля кароткага знаёмства з камандамі, якое распаліла інтарэс гледачоў і настроіла на жартоўны лад, пачалося асноўнае дзейства. Згодна са сцэнарыем, удзельнікі мерапрыемства павінны былі прэзентаваць сябе ў конкурсе візітак, праявіць творчыя здольнасці ў пастаноўцы мініяцюр на навагоднюю тэму. Апошні конкурс, які меў назву “Саундтрэк з кінафільма”, разумеў пад сабой любую пастаноўку, але абавязковай умовай было выкарыстанне ў ёй агульнавядомай песні.
З першых хвілін знаходжання каманд на сцэне стала зразумела: сумаваць гледачам не прыйдзецца. Чаго толькі яны не пабачылі: і скачкі на батуце, і папяровы дождж, і парную лазню з усімі атрыбутамі і нават сапраўдны трактар, на якім, як няцяжка здагадацца, рассякалі прадстаўнікі каманды ЖКГ. Кожны нумар, без перабольшвання, прыцягваў увагу гледачоў таленавітасцю ідэі і якасцю выканання. Як вынік – на працягу больш чым дзвюх гадзін у зале не змаўкаў смех. З аднаго боку дзякуючы крэатыву і гумару ўдзельнікаў, а з другога – якаснай рабоце сувядучых Аляксандра Александрова і Яўгена Набеева, які, дарэчы, і рэжысіраваў праект. У перарывах паміж выступленнямі каманд хлопцы забаўлялі публіку гульнямі і гумарыстычнымі мініяцюрамі ўласнага сачынення.
Завяршылася мерапрыемства выніковай песняй у выкананні ўсіх яго ўдзельнікаў. Але шоу-праграма мела конкурсны характар, таму журы, якое ацэньвала кожнае выступленне паасобку, вынесла свой вердыкт. Трэцяе месца заваявала каманда “Віраж” з Відз, другое – “Жэкушка”, а бясспрэчнымі пераможцамі сталі чатыры хлопцы і дзяўчына з аддзела спорту і турызму. Вось як пракаментавалі сваю перамогу чэмпіёны раёна па гумары сезона 2012: “Сапернікі былі вельмі моцныя, але нам удалося іх абыйсці. Мы вельмі ўдзячныя гледачам за падтрымку і рады, што ім спадабалася наша выступленне.”
Падводзіў вынікі мерапрыемства старшыня журы Сяргей Шматаў. Карыстаючыся момантам, ён павіншаваў прысутных з Калядамі і пажадаў ім святла і сямейнага дабрабыту. Пераможцы і ўдзельнікі шоу-праграмы ”Цудоўная пяцёрка” атрымалі дыпломы і падарункі з рук кіраўніка раёна. Уручаючы ўзнагароды, ён адзначыў, што шоу прайшло на высокім узроўні і сапраўды атрымалася цудоўным. “Браслаўчанам патрэбны такія мерапрыемствы” – сказаў С. Шматаў. Цяжка не згадзіцца, таму будзем чакаць “Цудоўную пяцёрку — 3”. Хочацца спадзявацца, што, як кажуць, працяг будзе.

Вячаслаў Каладынскі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *