Корпус гатовы да прыёму пастаяльцаў

Власть и общество

Турысцка-аздараўленчае прыватнае даччынае ўнітарнае прадпрыемства “Браслаўскія азёры” на працягу апошніх некалькіх гадоў знаходзіцца ў стадыі рэканструкцыі. Адзін за адным на тэрыторыі турбазы ўзнікаюць прыгожыя і сучасныя домікі сямейнага тыпу, на бліжэйшы час запланавана ўзвядзенне яшчэ дванаццаці такіх будынкаў. У лепшы бок змяніла свой выгляд і аздабленне сталовая, якая цяпер больш нагадвае рэстаран. Гатова дакументацыя на рэканструкцыю кацельні.
Але самая доўгачаканая падзея апошняга часу, па словах дырэктара прадпрыемства Яўгена Сяліцкага, — увод у эксплуатацыю круглагадовага корпуса №2, які ўжо на навагоднія святы прыме сваіх першых пастаяльцаў. Прыгожы двухпавярховы будынак ружова-крэмавага колеру і добраўпарадкаваная тэрыторыя вакол яго яшчэ здалёк прыцягваюць увагу. Корпус, які безнадзейна ўстарэў і не далей як два гады таму нагадваў інтэрнат, сёння выглядае і абсталяваны ў адпаведнасці з самымі сучаснымі тэндэнцыямі гасцінічнай справы. Калі раней яго асноўным кантынгентам былі дзеці і падлеткі, то зараз – самыя разнастайныя кліенты.
Разлічаны на 51 адпачываючага, будынак уключае 22 камфартабельных нумары. З іх 6 павялічанай плошчы і з дадатковымі ложкамі – для кліентаў з дзецьмі, 1 – для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, які пазбаўлены парогаў, мае расшыраныя дзвярныя праёмы і поручні. Кожны нумар абстаўлены новай мэбляй, мае асабісты санвузел, душ, тэлевізар, халадзільнік. Прыхільнікаў сучасных тэхналогій парадуе бесправадны інтэрнэт, якім можна карыстацца як у пакоях, так і ў холе. Адным словам, дастаткова значныя сродкі, укладзеныя ў рэканструкцыю, абярнуліся кардынальнымі зменамі ў камфорце адпачынку.
Незапатрабаваным у адпачываючых другі корпус не застанецца: ужо зараз патэнцыяльныя кліенты, у тым ліку замежныя, цікавяцца ўмовамі і коштам пражывання. А апошнія, трэба сказаць, знаходзяцца ў найлепшых суадносінах.

Вячаслаў Каладынскі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *