У Браславе адсвяткавалі Дзень настаўніка

Актуальное

Адукаваныя, паважаныя, інтэлігентныя, бязмерна ўлюбёныя ў прафесію і ў тых, каго вучаць і выхоўваюць, яны былі, ёсць і будуць стваральнікамі светапоглядаў і лёсаў. Менавіта педагогі ў мінулую пятніцу адзначылі сваё прафесійнае свята – Дзень настаўніка.
Яшчэ да пачатку мерапрыемства ў раённым Доме культуры панавала святочная атмасфера: гучала музыка, радавала вока выстава кветак, цеплынёй веяла ад сяброўскіх усмешак. Прадстаўнікі сферы адукацыі з усяго раёна сабраліся разам, каб адзначыць, ушанаваць лепшых і прыемна правесці час.
Урачыстая цырымонія ўшанавання пачалася з прагляду відэафільма пра лепшых прадстаўнікоў адукацыйнай сферы, створанага работнікамі Браслаўскага цэнтра дзяцей і моладзі. Прыемна гучалі віншаванні ад тых, каму педагогі аддаюць усе свае веды, вопыт і дабрыню – ад дзяцей.
Вядучыя нагадалі, што за апошнія гады галіна адукацыі дасягнула значных поспехаў, што не засталося незаўважаным: граматамі Міністэрства адукацыі ўзнагароджаны 50 настаўнікаў, упраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама – 125, раённага выканаўчага камітэта – 44, аддзела адукацыі райвыканкама 242, два педагогі ўдастоены звання “Выдатнік адукацыі”. Вось і ў бягучым годзе ў намінацыі “Да прафесійнага Алімпа” шэраг прадстаўнікоў педагагічнай сферы Браслаўшчыны атрымалі высокія ўзнагароды, у тым ліку рэспубліканскага і абласнога ўзроўню. Іх уручала старшыня раённага Савета дэпутатаў Ніна Пучынская. У сваім віншаванні яна адзначыла высокі прафесіяналізм, таленавітасць і энтузіязм педагогаў раёна і ад імя мясцовай улады і сябе асабіста пажадала ім творчых поспехаў, руху наперад і ўдачы.
Добрая традыцыя – ушанаванне настаўнікаў, якія, без перабольшвання, аддалі ўсё жыццё педагагіч-най справе і выходзяць на заслужаны адпачынак, атрымала свой працяг і сёлета. Сямёра ветэранаў працы падняліся на сцэну, каб быць узнагароджанымі ў намінацыі “За гонар і годнасць”. Яны атрымалі кветкі і падарункі з рук намесніка старшыні райвыканкама па эканоміцы Валянціны Высоцкай.
Граматамі аддзела адукацыі райвыканкама ў рамках намінацыі “Твар прафесіі” былі ўзнагаро-джаны 42 прадстаўнікі адукацыйнай сферы, сярод якіх дырэктары школ, настаўнікі, выхавальнікі дзіцячых садкоў. Узнагароды ўручаў начальнік РАА Іван Абаровіч. Ён падзякаваў за добрасумленную працу ўсім прадстаўнікам сістэмы адукацыі раёна, мясцовай уладзе, бацькам і шэфскім арганізацыям. “Калі мы разам, мы можам звярнуць горы, але асноўная заслуга ва ўсіх нашых поспехах належыць радавому настаўніку”, — сказаў І. Абаровіч.
Арганізатары мерапрыемства не пакінулі без увагі і школьных бібліятэкараў, што вельмі сімвалічна ў Год кнігі. Лепшым у намінацыі “Захавальнікі жамчужын ведаў” узнагароды ўручыла дырэктар Браслаўскай ЦБС Вольга Ляснеўская.
Святочную атмасферу падчас урачыстага мера-прыемства падтрымлівалі сваімі спевамі і танцамі таленавітыя браслаўчане. Але сапраўдны сюрпрыз чакаў гледачоў напрыканцы свята: арганізатары запрасілі канцэртны праект “Сям’я Філіпавых”. Госці падарылі настаўнікам Браслаўшчыны канцэртную праграму “У коле сяброў”, незабыўныя ўражанні і добры настрой.

Вячаслаў Каладынскі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *