Пошукавы атрад з Браслаўшчыны знайшоў рэшткі байцоў пад Смаленскам

Актуальное

Даўно адгрымела Вялікая Айчынная вайна. Усё менш становіцца сярод нас сведкаў тых страшных падзей. А нам у спадчыну дастаўся абавязак захоўваць пра іх памяць. І ёсць тыя, хто зрабіў гэта сэнсам свайго жыцця – байцы пошукавых атрадаў, хто па закліку сумлення свой вольны час прысвячае вяртанню імён загінуўшых герояў, іншы раз па архівах, а часцей з рыдлёўкай у руках на палях мінулых баёў.
Вось і сёлета група школьнікаў і педагогаў з нашага раёна прыняла ўдзел ў 14-ай міжнароднай “Вахце памяці” на тэрыторыі Цёмкінаскага раёна Смаленскай вобласці. Трапілі туды па запрашэнні Смаленскага абласнога цэнтра героіка-патрыятычнага выхавання і сацыяльнай дапамогі моладзі “ДОЛГ”. Асноўнай мэтай мерапрыемства было далучыць моладзь да руху па пошуку і захаванні памяці салдат Чырвонай Арміі, што загінулі ў баях падчас Вялікай Айчыннай вайны.
Сёлетняе месца “Вахты памяці” абрана было невыпадкова. Смаленшчына была полем зацятых баёў два гады – з 1941 па 1943. Як паведамілі мясцовыя краязнаўцы, толькі за 2 месяцы 1942 г. на гэтых палях, дзе месціўся наш лагер, загінула не менш за 5 тысяч чырвонаармейцаў.
Арганізатары склікалі 70 атрадаў агульнай колькасцю больш за 500 чалавек з самых розных куткоў Расіі. Да расіян далучыліся 3 групы з Беларусі і Украіны.
Вось уражанні байцоў пошукавага атрада “Браслаў”.

Максім Цыўнель (Віцебскі кадэцкі каледж): Праграма была вельмі насычанай. Раніцай мы разыходзіліся на тэарэтычныя заняткі, а днём адпраўляліся на пошукі, вечарамі ж праходзілі розныя конкурсы — баявых лісткоў, палявых дзённікаў, кулінарнага майстэрства, спаборніцтвы па футболе і валейболе. Кожны мог праявіць свой талент. Агляд мастацкай самадзейнасці праходзіў у форме фестывалю нацыянальных культур. Гучалі песні народаў мардва і сербаў, танцавалі абазінцы і яўрэі. А мы сарвалі апладысменты за вясёлыя беларускія “Калядкі”.

Маргарыта Пупіна (Замошская БШ): У нашым атрадзе сабраліся вучні з 5 школ. Разам мы прабылі ўсяго 9 дзён, але хутка пасябравалі і сталі адной кампаніяй.
Іна Бейнар (Опсаўская СШ): На занятках, што вялі вопытныя таварышы, мы вучыліся методыцы пошукаў, жыццю ў палявых умовах, шмат даведаліся па гісторыі вайны і ваенна-патрыятычнага руху. А штодзённыя дажджы і раскіслыя дарогі гартавалі наша характары.

Раман Пушкароў (Дрысвяцкая СШ): Галоўнай нашай задачай было знайсці рэшткі загінуўшых байцоў. Працы хапіла на ўсіх. Наш атрад знайшоў рэшткі 3 чырвонаармейцаў, у двух з іх меліся салдацкія медальёны. Праўда, нават эксперт не змог устанавіць іх імёны.

Станіслаў Пяткевіч (Опсаўская СШ): Самай запамінальнай падзеяй стала знаходка рэшткаў першага чырвонаармейца. Мы старанна пераціралі кожны камячок зямлі з раскопа, у адзін мех складвалі гузікі, спражкі рамянёў, у другі тое, што засталося ад загінуўшага. У апошні дзень “Вахты памяці” на полі Памяці ля Цёмкіна рэшткі ўсіх знойдзеных чырвонаармейцаў былі ўрачыста перазахаваны.

Аляксандра Сакалоўская (Дрысвяцкая СШ): Мы вельмі ўдзячны А. Чарняку і А. Маёраву, камандзіру і байцу пошукавага атрада імя 37-ай гвардзейскай дывізіі з Наваполацка. Яны старажылы смаленскіх “Вахт памяці”, людзі дасведчаныя, і адразу ўзялі над намі шэфства.

Вераніка Бейнаровіч (Замошская БШ): Перад “Вахтай памяці” мне было крыху боязна. Але потым ужо верх узяў азарт знайсці медальён ці іншую рэч, каб устанавіць імя байца.

Леанід Ягораў (Ахрэмаўская СШ): Самі пошукавікі – людзі асаблівыя, з высакароднымі інтарэсамі, асаблівым братэрствам. Пошукі для іх – хобі, вольны час праводзяць на раскопках, машыны набываюць “уазікі” і “Нівы”, а прадмет гонару – “круты” металашукальнік. Такіх апантаных людзей, што ўразіла, у Расіі шмат.
Настасся Стрыновіч (Опсаўская СШ):Нас усюды сустракалі з братэрскай гасціннасцю. “Вахта памяці” сапраўды маштабнае мерапрыемства, і смаляне з павагай і разуменнем ставяцца да пошукавікаў.

Юрый Чысты (Кансталінская БШ): Цікавым момантам стала знаходка рэшткаў нямецкага салдата. Іх сабралі, і арганізатары перададуць знаходку Народнаму саюзу Германіі па доглядзе воінскіх пахаванняў.
Вярталіся дамоў браслаўчане з пачуццём выкананага абавязку перад загінуўшымі на вайне, з граматамі за актыўны ўдзел у “Вахце памяці”, а таксама за 2-е месца ў конкурсе палявых дзённікаў.

Віктар Бунта,
настаўнік Кансталінскай школы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *