Браслаўскі райвыканкам вызначыў лепшага супрацоўніка ДАІ

Люди

З Уладзімірам Лапко мы пазнаёміліся ў адным з рэйдаў па бяспецы дарожнага руху, які праводзілі сумесна АДАІ Браслаўскага РАУС і рэдакцыя газеты. Тады ўбачыла, што вадзіцелі па-рознаму рэагуюць на заўвагі інспектараў, некаторыя спрачаюцца або хамяць. Уладзімір з усімі без выключэння быў ветлівым. Здзіўляў сваёй стрыманасцю і карэктнасцю. Тады і пацікавілася, як ён трапіў на службу ў міліцыю.

Капітан сказаў, што на службу ў органы ўнутраных спраў трапіў выпадкова. Пасля заканчэння школы вучыўся ў Віцебскім ПТВ. Крыху працаваў поварам на турбазе “Браслаўскія азёры”. А потым служыў у арміі. Калі звольніўся, у ваенкамаце Браслава прапанавалі прадоўжыць службу ў органах міліцыі ці пагранвойсках. Абраў прафесію міліцыянера. І стаў інспектарам дарожна-патрульнай службы.

У 2001 годзе малады чалавек ажаніўся. З 2002 па 2005 гг.завочна вучыўся ў Магілёўскім каледжы міліцыі МУС РБ. На гэтым не спыніўся і атрымаў дыплом юрыста ў Санкт-Пецярбургскім інстытуце знешнеэканамічных сувязей эканомікі і права. Сумяшчаць вучобу, работу і сям’ю было ня проста, але такі у яго характар – не баяцца цяжкасцей.

Ужо шэсць год Уладзімір Лапко працуе на пасадзе старшага дзяржаўтаінспектара АДАІ. Кіраўніцтва адзначае Уладзіміра як граматнага, дысцыплінаванага, ініцыятыўнага работніка, Які за час службы зарэкамендаваў сябе толькі са станоўчага боку, што карыстаецца павагай у калег. Увогуле, поўнасцю адпавядае крытэрыям чалавека, які носіць пагоны. І даказаў ён гэта не аднойчы.

Сапраўды, у 2009 годзе У.Лапко быў узнагароджаны нагрудным знакам – выдатнік ДАІ. У 2011г. — прызнаны адным з лепшых супрацоўнікаў сярод падраздзяленняў ДАІ вобласці. А цяпер па выніках мінулага года раённага конкурсу стаў лепшым па прафесіі.

Вольга Патаповіч.