«Ужо ведаем нямала кітайскіх слоў». Як юныя браслаўчане вывучаюць іерогліфы з педагогамі з Паднябеснай

Актуальное Международное сотрудничество
Кітайская мова лічыцца адной з самых складаных у свеце. Аднак браслаўскія школьнікі з задавальненнем хадзілі ў гімназію на заняткі і з энтузіязмам вывучалі азы цікавай мовы і каліграфіі.

Ды гэта і не дзіўна, бо ўсё новае і незвычайнае, як правіла, захоплівае дапытлівых дзяцей. Тым больш што выкладчыкі прыехалі з самага Кітая, што стала магчыма дзякуючы пагадненню аб намерах супрацоўніцтва, якое два месяцы таму назад падпісалі райвыканкам і ТАА «Кітайска-Еўрапейская Культура ”Цзіньжэнь”».

Як расказаў выкладчык, прафесар мастацтва каліграфіі Шандуньскага педагагічнага ўніверсітэта Шы Юнёу, праграма была распрацавана спецыяльна для браслаўскіх вучняў і ўзгоднена ў райвыканкаме. У яе ўвайшлі тэмы, якія закранаюць бытавыя зносіны паміж людзьмі, кітайскія традыцыі, міфалогію, паэзію, прыроду, архітэктуру і кухню. У абавязковым парадку ў праграму былі ўключаны ўрокі каліграфіі, падчас якіх дзеці вучыліся пісаць і разумець загадкавыя іерогліфы далёкай краіны. Акрамя гэтага, на занятках педагогі з Кітая паказвалі сваім беларускім вучням цікавыя відэапрэзентацыі пра жыццё і традыцыі жыхароў Паднябеснай.

— Бачна, што для нашых навучэнцаў, — кажа Шы Юнёў, — гэта зусім новая і невядомая культура, таму яны з цікавасцю ўспрымаюць любую інфармацыю. Трэба адзначыць, што ў іх добра атрымліваецца паўтараць і запамінаць кітайскія словы, правільна пісаць іерогліфы.

— Першыя дні было даволі складана, — дзеляцца сваімі ўражаннямі гімназісткі Лізавета і Мальвіна Гаспаран, — бо нічога не разумелі. Але з дапамогай перакладчыка хутка прыстасаваліся і ўжо ведаем нямала кітайскіх слоў. Дома абавязкова паўтараем пройдзенае на занятках. Вельмі шкада, што вучоба разлічана ўсяго толькі на два тыдні.

Па словах выкладчыка кітайскай мовы Моны, якая ўжо некалькі гадоў вучыцца ў БДУ, метады і формы навучання школьнікаў у дзвюх краінах вельмі адрозніваюцца. Так, у Кітаі настаўнік — імператар, які толькі выдае інфармацыю, а студэнты — прыдворныя, яны па сваім жаданні могуць яе ўспрымаць ці не. Але на экзаменах з усіх патрабуюць дастаткова строга. Дарэчы, у кітайскіх школах няма такога паняцця, як вучань. Там усе студэнты, у залежнасці ад узросту — малодшыя ці старэйшыя. Але паколькі Мона ўжо добра знаёмая з еўрапейскім метадам выкладання, то і ў сваёй практыцы прымае менавіта гэты падыход. На занятках яна заўсёды цікавіцца меркаваннем сваіх вучняў, намагаецца раскрыць іх творчыя здольнасці. Каб у браслаўскіх школьнікаў знік страх перад мудрагелістымі іерогліфамі, педагог спачатку дасціпна тлумачыць іх гістарычнае паходжанне і раскладвае на складальнікі. Самым яскравым паказчыкам плённай працы Мона лічыць тое, што ў сацыяльных сетках яе вучні жадаюць сваім настаўнікам добрай ночы на кітайскай мове. Таксама прыемна педагогам атрымліваць малюнкі са шчырымі пажаданнямі.

Калі Мона ўжо крыху знаёмая з беларускай культурай, то Шы Юнёу завітаў да нас упершыню. Для яго было ўсё ў навінку. Безумоўна, госця з далёкай краіны ўразіла наша некранутая прырода і вялікія абшары палёў і лугоў, а таксама адсутнасць небаскробаў. — У нас няма такіх шчыльных, яскрава выражаных воблакаў, — кажа суразмоўца, — якія могуць нагадваць разнастайныя фігуры. Уразіла і вялікае возера Дрывяты, што кожны дзень, у залежнасці ад колеру неба, набывае рознае адценне.

Не засталіся па-за ўвагай жыхароў Паднябеснай гасціннасць і добразычлівасць беларусаў. А вось многія нашы стравы сталі для іх літаральна адкрыццём. Так, буракі, халодны суп, малочныя прадукты ў Кітаі наогул не ўжываюць. Пра дранікі Шы Юнёу сказаў: «Незвычайна, але цікава». Прыйшліся гасцям даспадобы салаты з садавіны, мясная смажанка і браслаўскія рыбныя кансервы. Для кітайскіх партнёраў была распрацавана разнастайная праграма экскурсій. Яны любаваліся нашымі краявідамі з гары Маяк і Замкавай, наведалі краязнаўчы музей і традыцыйнай культуры, цэх па вырабе сыру і вытворчы філіял «Браслаўрыба», пазнаёміліся з умовамі вучобы ў Відзаўскім каледжы, з цікавасцю разглядалі жывёл у вальерах у Мякянах. Пры слове «развітанне» ў вучняў і Моны на вачах з’яўляліся слёзы, бо за гэты кароткі тэрмін яны вельмі пасябравалі.

Алена ПЯТУШКА. Фота аўтара.