У Браславе адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню будаўніка і 60-годдзю ПМК-42

Актуальное
У мінулую суботу старэйшая будаўнічая арганізацыя раёна ПМК-42 адзначыла двайное свята — Дзень будаўніка і сваё 60-годдзе. З гэтай нагоды ў Раённым цэнтры культуры сабраліся не толькі сённяшнія працаўнікі механізаванай калоны, але і ветэраны працы, кіраўніцтва раёна, запрошаныя госці, у тым ліку дырэктары філіялаў «Полацксельбуда» з Лепельскага, Шаркаўшчынскага, Глыбоцкага, Пастаўскага, Мёрскага раёнаў.

Перад пачаткам урачыстасці работнікі калоны з цікавасцю чыталі свежы нумар «Браслаўскай звязды», старонка якога прысвечана гісторыі і сучаснасці браслаўскіх будаўнікоў.

А са сцэны ў адрас ПМК-42, багатай на важныя падзеі і важкія дасягненні, гучалі віншаванні з вуснаў галоўнага інжынера КУВПБП «Полацксельбуд» Аляксея Аўдачонка, старшыні Браслаўскага раённага Савета дэпутатаў Ніны Пучынскай, старшыні райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Мікалая Вялічкі, самога дырэктара механізаванай калоны Паўла Дзямковіча. Яны ж уручалі лепшым сённяшнім працаўнікам граматы і падзякі.

У знак удзячнасці людзям, якія на працягу многіх гадоў па крупінцы ўносілі свой уклад у развіццё будаўнічай галіны, ад дырэкцыі ПМК-42 ветэранам працы прыпаднеслі падарункі.

Да віншаванняў афіцыйных асоб далучыліся работнікі культуры са святочнай канцэртнай праграмай. Прычым цеплыні і ўтульнасці ў зале дадавала тое, што музычныя віншаванні гучалі не толькі ад артыстаў РЦК, але і ад саміх работнікаў ПМК-42 і іх дзяцей. ■

Тэкст і фота Казіміра ПЯТУШКІ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *