Экскурсія па сэрцы Браслава

В свободное время Год малой родины

Замкавая гара, бясспрэчна, з’яўляецца сэрцам нашага горада. Адсюль пачынаецца знаёмства нашых гасцей з Браслаўшчынай, менавіта на ёй дарэчы расказваць паданне пра ўзнікненне Браслава і гісторыю жыцця славутага доктара Нарбута. Аднак колькі яшчэ невядомых таямніц захоўваюць стромкія валы гарадзішча? Пра гэта ішла гаворка падчас традыцыйнага мерапрыемства «Фэст экскурсаводаў», якое было прысвечана Міжнароднаму дню помнікаў і гістарычных месц.

Трэба адзначыць, што сёлетні фэст сабраў найбольшую колькасць людзей за апошнія некалькі гадоў. Магчыма, гэтаму таксама паспрыяла і добрае надвор’е. Прыемна было бачыць сярод удзельнікаў людзей рознага ўзросту, многія прыйшлі з дзецьмі. Словам, тэма, якая была абвешчана як «Чатыры бакі свету з Замкавай гары», вельмі цікавіла прысутных. Экскурсію для ўдзельнікаў мерапрыемства па чарзе праводзілі вядомыя браслаўскія краязнаўцы Аляксандр Панцялейка, Віктар Бунта і галоўны захавальнік фондаў Браслаўскага раённага аб’яднання музеяў Міхаіл Кахановіч. Яны расказалі прысутным шмат цікавых фактаў з гісторыі Браслава і яго наваколля. Напрыклад, ці ведалі вы, што першымі насельнікамі Замкавай гары былі латгалы? А дзе размяшчаліся нямецкія зеніткі падчас Вялікай Айчыннай вайны? А ці вядомы вам факт, што з будынка лякарні Нарбута хацелі зрабіць бібліятэку? Падчас экскурсіі былі прадугледжаны некалькі прыпынкаў на лепшых аглядных кропках на валах гарадзішча, на кожным з якіх экскурсаводы не толькі апавядалі пра пэўныя моманты з жыцця горада, але і падмацоўвалі свае выступленні архіўнымі фотаздымкамі і дакументамі. Актыўна вялі сябе і прысутныя: яны задавалі шмат дадатковых пытанняў, на якія тут жа атрымлівалі грунтоўныя адказы.

Безумоўна, «Фэст экскурсаводаў» — унікальная магчымасць пабываць у падарожжы па старонках гісторыі свайго роднага краю, а ўлічваючы, што тэматыка мерапрыемства змяняецца кожны раз, то гэта яшчэ і шанс развіць свой кругагляд і папоўніць веды пра Браслаўшчыну.

■ Алена НАБЕЕВА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *