Чарнобыль праз прызму дзесяцігоддзяў

Власть и общество

Напярэдадні Дня чарнобыльскай трагедыі прапануем вашай увазе конкурсную работу вучаніцы Друйскай школы Анастасіі Касянковай, якая цяпер прымае ўдзел у рэспубліканскім творчым конкурсе «Чарнобыль — позірк скрозь гады».

Дні як людзі. Адны яркія, святочныя. Другія — шэрыя, звычайныя. Бываюць чорныя, злыя. Але здараецца так, што святочны, яркі дзень прайшоў — і не пакінуў следу. Іншы — не запомніўся, але адбіўся на лёсах тысяч. Такім быў дзень 26 красавіка 1986 года.

…Што ж гэта за дзяцінтсва

Без лугу, без лесу, без рэчкі?

… Абаронім дзяцей ад яблыкаў!

А ад ягад? Ад вады, зямлі і паветра…

Янка Сіпакоў. «Одзіум».

• З успамінаў Галіны Пархоменка, жыхаркі Друі:

— 26 красавіка? Цёпла было, гулялі, у нас тады Сярожка быў, 1 годзік. Памятаю, з каляскай ішла праз увесь Добруш у госці да сяброўкі. З боку Хойнікаў — чорныя хмары, незвычайныя, страшныя. А хто ведаў, што гэта за хмары? Па радыё — цішыня, затым сталі гаварыць пра аварыю на ЧАЭС. Гэта ўжо было пасля. А 1 мая на дэманстрацыю хадзілі. Пазней, ужо праз год, сталі даваць ільготныя талоны на прадукты, загаварылі пра смерць ліквідатараў, некаторым плацілі грошы. Мы былі шчаслівай сям’ёй. Павінны былі атрымаць кватэру ў новым доме. Сыну ўжо 4 гады было, дачка нарадзілася. А як іх гадаваць? Па траве бегаць нельга, яблыкі ірваць нельга, малако, ягады, грыбы — нельга. У пяску дзецям гуляць нельга. Медыкі настойвалі: можаце — уцякайце, ратуйце дзяцей. Вось і паехалі. Цяпер мая радзіма тут, на Браслаўшчыне, дзе выраслі дзеці.

Радыяцыя перш за ўсё б’е па дзецях.

Янка Сіпакоў. «Одзіум».

З успамінаў Святланы Ліпскай, настаўніцы Друйскай школы:

— Мы тады студэнтамі 4 курса філфака БДУ былі. Маладыя, вясёлыя, лёгкія на пад’ём, а тут шмат выхадных на 1 Мая набралася. Вось і прапанавала сяброўка: «Што ў горадзе рабіць? Паехалі да мяне ў госці на Гомельшчыну, пасёлак Акцябрскі». Там ужо ва ўсю бэз цвіў, загараць, купацца мож- на было. Першага мая ўсе пайшлі на дэманстрацыю. У адзенні з кароткімі рукавамі, голымі галовамі, у руках — галінкі бэзу. Спякота! І горыч у роце. Хто ж тады ведаў, што гэтая горыч — прыкмета радыяцыі ў паветры. І толькі, здаецца, другога чысла знаёмая, што працавала ў рэнтгенаўскай лабараторыі, патэлефанавала і ледзь не са слязьмі ў голасе пераконвала: «Дзяўчаткі, родныя, вы ж будучыя маці. Не гуляйце па вуліцы, не піце ваду з калодзежа…». А дзесьці 5 мая мы вярталіся ў Мінск і на вакзале ў Бабруйску ўбачылі дзяцей, якіх вывозілі з-пад Чарнобыля. Спалоханыя, заплаканыя, нейкія не па-дзіцячы дарослыя. Вось гэта ўжо ніколі не забудзецца.

Як гэта страшна:

зона, рэжым, калючы дрот —

вайна без вайны.

Янка Сіпакоў. «Одзіум».

• З успамінаў сям’і Касянковых, былых жыхароў Запарожжа (Украіна), сучасных перасяленцаў. (Успамінае Юрый Касянкоў, 40 гадоў).

— А што мы? Мы ж малыя былі, не вельмі цікавіліся тым, што здарылася. Тым больш што мая радзіма — правабярэжжа Дняпра, так званая «зялёная зона», курортныя нават для Украіны мясціны. Запомніўся 1988 год. Вакол нас шмат піянерскіх лагераў, і іх усе засялілі дзецьмі, прывезенымі з забруджаных раёнаў Беларусі. Мы ж таксама дзеці, нам хацелася ўсё ведаць… Але нас да іх не пускалі: блізка не падыходзь. Бачылі здалёк, што і хлопчыкі, і дзяўчынкі амаль усе лысыя, не бегаюць, у футбол не гуляюць. Як здані якія. Потым сталі прыязджаць цэлыя сем’і. Так у нас з’явіліся паняцці «радыяцыя», «ізатопы», «дазіметры», «бежанцы» і інш.

І хто калі б мог падумаць, што праз трыццаць гадоў я і мая сям’я таксама станем бежанцамі, перасяленцамі ад сапраўднай вайны…

Вось так. Тры сям’і, тры гісторыі. Не ліквідатары, але ў кожнага Чарнобыль як рана, як чорны знак. У памяці і на сэрцы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *