Вучаніцы СШ № 1 у навуковым даследаванні высвятлялі значэнне вясельнага вянка

Год науки

Жыццё чалавека складаецца з вялікага мноства падзей, сярод якіх вылучаецца 7eda33db69fad3387f73696c43daf1c3вяселле. Маладыя імкнуцца ператварыць гэты ўрачысты дзень у сапраўднае свята, каб яно надоўга запомнілася не толькі ім, але і гасцям. Таму падчас падрыхтоўкі, калі ўлічваюцца ўсе дробязі, не забываюцца пра вясельныя традыцыі і абрады, якія маюць асаблівы, нават магічны сэнс. Адзін з самы папулярных сезонаў для правядзення вяселляў — восеньскі, а таму «Браслаўская звязда» прапануе чытачам пазнаёміцца з даследаваннем вучаніц СШ № 1 Анастасіі Шакель і Крысціны Мішчанка, якія пад кіраўніцтвам настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Святланы Сцяпанавай высвятлялі значэнне вясельнага вянка.

Усё пачалося з наведвання музея традыцыйнай культуры. Там якраз была разгорнута выстава «Вяселле на Браслаўшчыне», якая раскрывала асаблівасці яго правядзення ў першай палове ХХ ст. Дзяўчаты ж зацікавіліся зменамі ў святочным абрадзе, што адбыліся ў сярэдзіне мінулага стагоддзя, бо такіх звестак пра наш рэгіён маецца не шмат.

Вучаніцы сустракаліся з жыхарамі Браслаўскага раёна, вяселле якіх адбылося ў гэты час, запісвалі іх успаміны, падмацоўваючы сабраныя матэрыялы шматлікімі фотаздымкамі з сямейных архіваў расказчыкаў. Таксама багата звестак знайшлося падчас працы з тэкстамі абрадавых песень нашага краю. Анастасія і Крысціна, вывучаючы асаблівасці вяселля на Браслаўшчыне ў вызначаны прамежак часу, асноўную ўвагу скіравалі на значэнне вянка маладой і прасачылі, як яно змяняецца адпаведна з набыццём новага статусу: ад выхаду з бацькоўскага дому і да далучэння да сям’і жаніха.

img_9904_logoПадчас даследавання выявіліся пэўныя заканамернасці правядзення вясельнага абраду ў рэгіёне. Так, пачыналася ўсё са сватання, і маці маладой у знак згоды ламала ў двары верхавіну мірта або яліны. У гэты перыяд вянок з’яўляўся абавязковым атрыбутам дзяўчыны. Яго роля была рознай на шматлікіх абрадавых этапах, але асноўная — характарыстыка нявесты: упрыгожанне пэўным чынам расказвала пра яе. Распаўсюджана была ў нашым раёне і зборная субота — перадвясельны вечар, своеасаблівае развітанне нявесты са сваім дзявоцтвам, з сяброўкамі перад замужжам. У хаце маладой збіраліся дзяўчаты, спявалі і вілі для яе вянок. Ён быў знакам адметнасці, а таму кветкам для ўбрання ўдзялялася асаблівая ўвага. Яны маглі быць як жывыя, так і штучныя.

Нявеста, што не захавала сваёй чысціні да шлюбу, не мела права ўплятаць у вянок руту, мяту і лілею, якія сімвалізавалі дзявоцкасць і строгасць нораваў. Набор кветак характарызаваў не толькі маладую, але і яе сям’ю, даваў падставы для адпаведных адносін з боку бацькоў хлопца. Багаты рознакаляровы вянок услаўляў і ўзвялічваў дзяўчыну, а чырвоная нітка ці стужка ў ім валодалі ахоўнымі якасцямі.

Вянчанне з’яўлялася ключавым момантам вясельнага абраду, і нявеста надзявала спецыяльна зроблены вянок. Яго маглі замяніць абручом, каронай з бісерам, павязкай ці стужкай, але ўсе маладыя, якія хацелі вянчацца, абавязкова прывозілі ў храм вяночак з мірту, які святар прымацоўваў пад вэлюм. Міртам упрыгожвалі таксама сукенку нявесты і касцюм жаніха.

На апошнім этапе вяселля галаўны ўбор здымалі і замянялі на хустку, бо замужняя жанчына яго не носіць. У адрозненне ад цяперашніх традыцый, калі дзяўчаты, каб даведацца, хто наступнай створыць сям’ю, ловяць кінуты маладой букет, раней для гэтага выкарыстоўвалі менавіта вянок.

Як бачна, даследчыцы з СШ № 1 правялі вялікую работу, даведаліся многа новага пра шлюбныя цырымоніі сярэдзіны мінулага стагоддзя на Браслаўшчыне і значна папоўнілі культурную спадчыну нашага раёна. Магчыма, калі-небудзь на вяселлях браслаўчан зноў з’явяцца галінкі мірта, які здаўна лічыцца сімвалам шчасця, кахання і вернасці.

У абрадавых песнях Браслаўшчыны сцвярджаецца, што напачатку вянок сімвалізаваў хараство і прывабнасць, указваў на прыналежнасць нявесты да дзявочага асяроддзя і з’яўляўся адной з умоў абрання яе хлопцам, а яшчэ па ім дружына жаніха пазнавала яго маладую. Сплецены з кветак убор таксама падкрэсліваў сувязь дзяўчыны з родным домам і гарантаваў ёй падтрымку сям’і і сябровак у любых жыццёвых абставінах. Наступны этап — заручыны, калі багацейшыя маладыя мяняліся пярсцёнкамі і публічна пацвярджалі гатоўнасць да стварэння сям’і. Нявеста з гэтага часу не магла больш насіць свой вянок, бо ўжо фактычна не належала свайму роду. Дарэчы, пасля такога абраду адмова ад шлюбу была практычна немагчымай і лічылася ганебным учынкам.

■ Падрыхтавала Жанна БЯЛЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *