Галоўны заатэхнік АТ «Агравідзы» Святлана Абалевіч пра сакрэты жывелагадоўчай галіны ў гаспадарцы

Экономика и финансы
2
Даярка Галіна Рудак і загадчыца Антаніна Шаткоўская.

Малочная галіна жывёлагадоўлі раёна за першых 6 месяцаў бягучага года дала збой. Калі летась нашы аператары машыннага даення за ўзгаданы перыяд ад кожнай каровы надаілі па 1 652 кг малака з прыростам у 145 кілаграмаў, то сёлета лічбы знізіліся адпаведна да 1 587 і мінуса ў 65 кг. І ў нас, як і па ўсёй рэспубліцы, прасочваецца тая ж тэндэнцыя: хто больш доіць, той прыбаўляе, а гаспадаркі з нізкімі надоямі цягнуць агульнараённы паказчык уніз. Аднак ёсць і адваротны прыклад. Сярод тых гаспадарак, якія за 6 месяцаў даюць найбольшую прыбаўку па вытворчасці малака, на першым месцы надзейна трымаецца акцыянернае таварыства «Агравідзы». Сваімі падыходамі да работы ў гэтым накірунку з «Браслаўскай звяздой» падзялілася галоўны заатэхнік гаспадаркі Святлана Абалевіч.

— Святлана Уладзіміраўна, давайце адразу вызначым не больш за тры фактары, якія спрыяюць росту надояў.

— Згодна з такой пастаноўкай пытання. Калі іх будзе столькі, то на першае месца пастаўлю работу па аднаўленні дойнага статка. Мы маем комплекс лепшы, чым у «Маяку Браслаўскім», але да іх надояў недацягваем. Тым не менш, арыенцір ёсць і да яго імкнёмся.

Сёння вучоныя, спецыялісты міністэрства сельскай гаспадаркі б’юць трывогу: на комплексах дойныя каровы выходзяць са строю на трэцім-чацвёртым гадах лактацыі. У той час як на ўласным падвор’і самыя вялікія надоі дае буронка ў 6 і больш гадоў даення. Таму, паколькі выбракоўка пагалоўя застаецца высокай, самы максімальны ўпор раблю на селекцыйную работу.

1
Святлана Абалевіч.

На сёння ў нашым дойным статку 1 371 карова, 846 з якіх утрымліваюцца на комплексе. А паколькі, як гаварыла раней, жывёла рана выбракоўваецца, гадуем ёй замену. Штомесяц пакрываем да 80 цялушак. 50-70 са сцельных пераводзім на ферму ў Новую Вёску. Там яны раздойваюцца, тых, якія даюць больш за 15 кг, пераводзім на комплекс, першацёлкі з удоем звыш за 10 кілаграмаў у суткі трапляюць на другія фермы, астатнім — адзін лёс: быць мясам. Гэта замкнуты цыкл, перабояў у якім не дапускаем.

— Згодзен з адказам. Але ж нашы дзяды сцвярджалі, што ў каровы малако на языку. Не накормім — не надоім. Мяне чамусьці здзіўляе, што на першы план вы ставіце ўзнаўленне статка.

— Пры любых абставінах лічу, што на першым месцы стаіць менавіта абнаўленне статка. У маім паняцці недахоп кармоў — нонсэнс. Раслінаводы імі забяспечваюць. Скажу больш, кожную вясну мы ідзём на парушэнне тэхналогіі круглагадовага бяспрывязнага ўтрымання кароў на комплексе. Як вырасце трава, пачынаем падмешваць яе ў закладзены годам раней сянаж. Каб страўнік кароў не расстройваўся, дабаўляем зялёную масу, абавязкова змешваючы яе з сенажом па ўзрастаючай.

Зразумела, што рамонтны і дойны статкі ў поўнай меры забяспечваюцца канцэнтратамі, не кажучы пра травяністыя кармы.

— Святлана Уладзіміраўна, вы назвалі два важнейшыя фактары, якія даюць магчымасць павышаць надоі. Сёлета ў гаспадарцы замахнуліся надаіць ад кожнай каровы па 4 800 кг малака. Лічу, што пры вашых тэхналогіях гэта не самая верхняя прыступка. Раскажыце пра трэці фактар.

— Людзі. І стаўце кропку ў сваім інтэрв’ю. Без іх нічога не зробім. Узяць, да прыкладу, тэхніка-асемянатара Рэгіну Мамзелеву: больш за 90 % эфектыўнасці пакрыцця цялушак. На раздоі першацёлак у Новай Вёсцы бяззменна працуе Галіна Рудак. Ні водпуску, ні выхадных не бярэ. Калі трэба адлучыцца, давярае сваіх першацёлак толькі загадчыцы Антаніне Шаткоўскай. Менавіта гэтыя дзве жанчыны і выконваюць праграму аднаўлення дойнага статка. Астатнія, маючы надзейны тыл, арыентаваны на атрыманне большай колькасці прадукцыі.

— Дзякую за змястоўную размову.

Гутарыў Аляксандр АЗЕВІЧ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *