Браслаўскі байкер — Уладзімір Лапінскі

Люди
1
Уладзімір Лапінскі калясіць па дарогах на сваім верным «жалезным кані».

Нейкая незразумелая сіла злучае чалавека з матацыклам, на якім ён з радасцю імчыцца па бязмежных дарогах насустрач ветру і новым уражанням. Нямала заўзятых матацыклістаў і на Браслаўшчыне. Яны рознага ўзросту і прафесій, але ўсіх аб’ядноўвае любоў да «жалезных коней», руху і хуткасці.

З дзяцінства з’явілася зацікаўленасць да двухколай тэхнікі і ў браслаўчаніна Уладзіміра Лапінскага. Разам з бацькам ён з задавальненнем перабіраў дэталі матацыкла, запамінаў асаблівасці яго будовы, вучыўся ўстараняць непаладкі. Спачатку ў падлетка быў мапед, а падчас вучобы ў тэхнікуме бацькі падарылі юнаку першы новы матацыкл. І цяпер мужчына памятае пачуццё шчасця, якое яго ахапіла, калі ён здымаў з падарунка абгортачную паперу. І ўжо ў Лепель на вучобу юнак з гордасцю ездзіў на ўласнай тэхніцы.

Потым была служба ў арміі, уладкаванне на работу, з’яўленне сям’і, таму захапленне на нейкі час давялося «замарозіць». А калі падраслі дзеці, Уладзімір вярнуўся да сваёй мары, тым больш што жонка яго падтрымлівала. І цяпер ён «рассякае» па дарогах на добрым матацыкле.

Трэба адзначыць, што У. Лапінскі стаў адным з ініцыятараў стварэння ў Браславе філіяла Віцебскага абласнога грамадскага аб’яднання «ROAD DOGS МС». І на сённяшні дзень браслаўскае брацтва байкераў налічвае нямала аматараў «жалезных коней». Ёсць у іх і свой клубны дом, дзе яны збіраюцца разам, каб абмеркаваць планы, адрамантаваць матацыклы ці проста пагутарыць.

Хто лічыць, што стаць членам мотаклуба лёгка, а байкеры — бесшабашныя людзі, якія злоўжываюць спіртным, сварацца, парушаюць правілы і рызыкуюць сваім жыццём, вельмі памыляецца.

— Мотаклуб — гэта ў першую чаргу строгая дысцыпліна, — кажа Уладзімір. — І калі адзін зробіць што-небудзь непрыстойнае, то адказнасць ляжа на ўсіх «братоў». Таму выпадковым людзям у нас не месца.

Каб стаць паўнавартасным членам клуба, спачатку трэба заваяваць давер, паказаць, наколькі ты сапраўдны таварыш, надзейны і прыстойны, адказны і годны, праявіць свае чалавечыя якасці і арганізатарскія здольнасці.

А вось тыя, хто ганяе на вар’яцкай хуткасці і ўдзень, і ўначы, падкрэсліў У. Лапінскі, да мотаклубаў ніякага дачынення не маюць, бо сапраўдныя байкеры — адказныя, сур’ёзныя і арганізаваныя.

Несумненна, асаблівую ўвагу мотааматары надаюць сваёй тэхніцы. Напаліраваны да бляску «жалезны конь», у які ўкладаецца столькі сілы, працы і любові, становіцца практычна жывым верным сябрам.

Але не варта думаць, што жыццё членаў клуба складаецца толькі з адных паездак, тусовак і пераборкі сваёй тэхнікі.

— Часта збіраемся сем’ямі, — расказвае Уладзімір, — адзначаем святы, дні нараджэння, падчас якіх праводзім спаборніцтвы, конкурсы. Многія жанчыны разам з мужамі выпраўляюцца ў дальнюю дарогу.

А яшчэ члены клуба «Road Dog’s» — частыя госці ў дзіцячых дамах, інтэрнатах для інвалідаў. Яны прывозяць падарункі, саладосці, але дзецям больш цікава пракаціцца на прыгожай магутнай двухколай тэхніцы.

■ Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *