Праблемы дапамогуць вырашыць у цэнтры

Актуальное

DSC04830З пачаткам вясенніх цёплых дзянькоў і набліжэннем светлага свята — Вялікадня — упарта з’яўляецца памкненне зрабіць генеральную ўборку ў хаце. Безумоўна, выканаць задуманае для здаровых, поўных сіл людзей не ўяўляе ніякіх цяжкасцей. А што рабіць тым, хто ўжо не можа сам прыбраць сваё жыллё, ды і дапамагчы няма каму з родных?  У такім выпадку на дапамогу прыйдуць супрацоўнікі ТЦСАН.

У аддзяленні часовага сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва прыветлівыя работнікі ўважліва выслухаюць наведвальніка, прапануюць пералік сацыяльных паслуг, якія яны выконваюць, пазнаёмяць з расцэнкамі.

  • Найбольшым попытам сярод састарэлых і нямоглых браслаўчан, — кажа дырэктар сацыяльнай установы Вікторыя Атрашкевіч, — карыстаецца распілоўка, шчапанне і складзіраванне дроў, пераноска торфабрыкета, апрацоўка агарода, касьба травы на прыдамавой тэрыторыі.

Але гэта далёка не ўсе паслугі, якія аказваюць насельніцтву няўрымслівыя супрацоўнікі ТЦСАН. Так, гаспадарчая брыгада ўстановы можа навесці ідэальны парадак ў хаце, памыць вокны і посуд, зрабіць касметычны рамонт памяшкання, паправіць агароджу. Трэба памыць бялізну ці адксеракапіраваць дакументы?  Выканаюць у цэнтры і гэтую працу. Таксама тут аказваюць транспартныя і рытуальныя паслугі. Усяго ў рэестры ўстановы іх налічваецца аж 153віды.  Прычым, трэба адзначыць, усе яны таннейшыя, чым у іншых арганізацыях раёна.

Па ўсіх пытаннях тэрміновага абслугоўвання непрацаздольных грамадзян можна звяртацца па адрасе: г. Браслаў, вуліца К. Лібкнехта, 6 ці па тэлефоне 63-1-95.

Нямала паслуг непрацаздольным грамадзянам, якія дасягнулі 60-гадовага і старэйшага ўзросту, інвалідам І ці ІІ групы, аказваюць і супрацоўнікі аддзялення сацыяльнай дапамогі дома. Акрамя ўстаноўленых, за асобную плату сацыяльныя работнікі састарэлым і нямоглым грамадзянам могуць памыць бялізну і аддзенне, выцепліць лазню, дапамагчы пасадзіць агарод і кансерваваць агародніну і іншае. У агр. Казяны два сацыяльныя работнікі прайшлі навучанне на спецыяльных курсах і могуць з лёгкасцю навесці прычоску сваім сталым падапечным.

Пералік усіх дадатковых платных паслуг мае кожны сацыяльны работнік, які можа падрабязна растлумачыць усім жадаючым умовы іх прадастаўлення.

Усё большай папулярнасцю карыстаецца і такая новая форма жыццеўладкавання састарэлых грамадзян, як прыёмная сям’я. У нашым раёне ўжо ёсць сем такіх сямей.

Адзінокія пажылыя грамадзяне, у якія жадаюць жыць у такой сям’і, і асобы, якія хацелі б прыняць іх у сваю хату,  могуць звярнуцца за тлумачэннямі ў аддзяленне сацыяльнай дапамогі дома або па тэлефоне 63-1-36.

Алена Пятушка.

Фота аўтара.

На здымку: сацыяльны работнік аддзяленні часовага сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Яўген Талстоў за працай.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *