Эстафета дружбы і міру

Актуальное

эстафета (Small)Па тэрыторыі нашага раёна 24 – 25 чэрвеня праходзіла міжнародная лёгкаатлетычная факельная эстафета “Бег дружбы”. Стартавала яна 11 чэрвеня з Масквы, а фінішаваць павінна 2 ліпеня ў Калінінградзе. Бегуны нясуць факел – сімвал міру і дружбы, які павінен злучыць Расію, Беларусь, Латвію і Літву.
Упершыню эстафета “Бег дружбы” была праведзена ў 1987 годзе. Яе заснавальнік энтузіяст спорту і грамадскі дзеяч Шры Чынмой быў упэўнены, што спорт – гэта магутны сродак падтрымання сусветнай гармоніі і міру. З часу заснавання эстафета пабывала больш чым у 150 краінах свету. Факел, які нясуць у руках бегуны, трымаў Папа Іаан Павел II, Міхаіл Гарбачоў, Далай-лама, маці Тэрэза, Мухамед Алі, Нэльсан Мандэла і шмат іншых сусветна вядомых людзей. Пабываў факел нават на касмічнай станцыі «МІР». Штогод толькі ў Еўропе ўдзел у эстафеце прымае каля 500 000 чалавек, а ва ўсім свеце – каля мільёна. Агульная адлегласць, якую пераадольваюць бегуны, складае каля 100 тысяч кіламетраў.
Беларусь упершыню далучылася да міжнароднага праекта ў 2005 годзе. Сёлета беларусы сустрэліся з міжнароднай камандай на граніцы са Смаленскай вобласцю. Адтуль яны прабеглі праз Лёзна, Віцебск, Шуміліна, Полацк, Наваполацк, Верхнядзвінск, Мёры, і ўсюды іх ўрачыста сустракалі, арганізоўвалі сустрэчы з жыхарамі і экскурсіі.
На Браслаўшчыне бегуноў 24 чэрвеня сустракалі начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Іван Абаровіч і яго намеснік Людміла Шукель. Яны пазнаёмілі спартсменаў з гісторый раёна, расказалі пра яго славутыя мясціны. Дарэчы, у наш раён эстафета прыбыла ў другі раз ( першы раз гэта было ў 2012 годзе). Падчас сустрэчы, якая адбывалася ў гімназіі, можна было бліжэй пазнаёміцца з удзельнікамі эстафеты, даведацца пра гісторыю руху і інш. Так, капітан беларускай каманды Юрый Храпуцкі прадставіў сваіх сяброў-аднадумцаў, якія родам з Бразіліі, Расіі, Украіны, Латвіі, і расказаў, што агульны кіламетраж, які яны пераадольваюць па тэрыторыі нашай краіны, складае 350 кіламетраў, а далучыцца да ўдзельнікаў эстафеты можа любы чалавек. Перад прысутнымі выступіла 70-гадовая расіянка Святлана Хісамудзінава, старэйшая ўдзельніца прабегу, у прыватнасці, яна заклікала жыць у міры і несці любоў да людзей у сваім сэрцы. Гэтай жа думкі прытрымліваецца і жыхарка Данецка Ліна Рыбак. Па яе прызнанні, толькі з пачаткам вайны на радзіме стала па-сапраўднаму разумець значэнне слова мір.
Пасля выступленняў сяброў па камандзе спартсмены выканалі гімн эстафеты і навучылі яго простым словам усіх у зале. Але, бясспрэчна, кульмінацыяй усёй сустрэчы стала магчымасць патрымаць у руках факел міру і дружбы. Напачатку Ю. Храпуцкі ўручыў яго І. Абаровічу, а потым факел адправіўся ў вандроўку па зале. Такім чынам, усе прысутныя змаглі далучыцца да гэтай маштабнай акцыі дабра. Пасля гэтага адбылося ўручэнне пашпартоў удзельнікаў “Бегу дружбы” ўсім жадаючым. У гэты ж дзень бегуны пабывалі на Замкавай гары і гары Маяк.
На наступны дзень, 25 чэрвеня, ва ўрачыстай абстаноўцы ўдзельнікаў эстафеты праводзілі ў накірунку Латвіі. Наперадзе іх чакаюць сустрэчы ў Даўгаўпілсе, Рызе, іншых гарадах Прыбалтыкі і вяртанне дадому.

Алена Набеева.
Фота аўтара.Эстафета 2