Вучаць ствараць і фантазіраваць

Актуальное

IMG_0797 (Small)Цэнтр дзяцей і моладзі – гэта тэрыторыя творчасці, краіна, дзе дзіця можа рэалізаваць свае таленты, знайсці аднадумцаў і проста карысна правесці час. Увогуле ж цэнтр сёння з’яўляецца сучаснай установай дадатковай адукацыі, дзе ў 84 аб’яднаннях па інтарэсах развіваюць здольнасці 920 хлопчыкаў і дзяўчынак. І для гэтага ў іх ёсць усе магчымасці. Якім жа быў гэты год для ЦДМ?
− Як і ў любой арганізацыі, нядаўна мы падвялі вынікі дзейнасці ў мінулым годзе і акрэслілі планы на бягучы, − расказвае дырэктар установы Ірына Угарэнка. – Год 2013-ы для дадатковай адукацыі, і нашага ЦДМ у прыватнасці, быў вельмі плённым і паспяховым. У першую чаргу хачу адзначыць той факт, што мы паднялі свой імідж на абласным узроўні і дастойна заявілі на рэспубліканскім. Усё больш творчых дзяцей запісваюцца да нас у аб’яднанні, з імі працуюць 45 таленавітых педагогаў і вопытных спецыялістаў. Дарэчы, двое з іх у мінулым годзе атрымалі дыпломы ад упраўлення адукацыі вобласці. А калі ёсць добрыя кіраўнікі, будуць і добрыя вынікі. Увогуле ж, па водгуках нашых наведвальнікаў, мы сталі больш сучаснай установай дадатковай адукацыі, у якую зноў хочацца вяртацца.
Такім ЦДМ стаў пасля рамонту, які скончыўся ў мінулым годзе. З раённага бюджэту на гэтыя мэты было выдзелена 115 млн. рублёў, на іх поўнасцю аднавілі калідоры ўстановы і набылі новыя стэнды, яшчэ амаль за 7 млн. рублёў уласных сродкаў адрамантавалі санітарны пакой, выставачную залу, камп’ютарны кабінет, устанавілі бойлер. Дарэчы, за мінулы год план па платных паслугах цэнтр поўнасцю выканаў. Зараз установу літаральна не пазнаць. Абноўленая актавая зала, утульныя майстэрні і пакоі. Калідоры ўмоўна падзелены на 3 зоны, кожная з якіх у сваім колеры. Яны падабраны з густам, вясёлыя і яркія, каб адпавядалі настрою дзяцей.
Ганарыцца сапраўды ёсць чым. За мінулы год выхаванцы ЦДМ заваявалі 31 дыплом на абласным узроўні і 6 на рэспубліканскім. У 2012 г. іх было 19 і 4 адпаведна. Выдатна праявілі сябе ў рэспубліканскім конкурсе юных экскурсаводаў, фотаконкурсе “Маёй зямлі вянкі сплятаю”, патрыятычным “Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь” і іншых. Зараз чакаюць вынікаў рэспубліканскага этапа конкурсу “Лёд. Кветкі. Фантазія”, куды адправіліся творчыя работы браслаўчан. Увогуле ж правялі 58 раённых конкурсаў, акцый, мерапрыемстваў, 7 выстаў дзіцячай творчасці, у якіх прынялі ўдзел больш за 2000 дзяцей. А яшчэ ў мінулым годзе наладзілі сувязі з ТЦСАН і карэкцыйным цэнтрам, працуючай моладдзю. Апошнія з задавальненнем наведваюць установу і на ўласным прыкладзе паказваюць, чым можна заняцца ў Браславе ў вольны час.
Шмат планаў і на гэты год. Жадаюць у цэнтры дзяцей і моладзі актывізаваць работу ў турысцка-краязнаўчым накірунку. Для гэтага распрацуюць турыстычныя маршруты з незвычайнай праграмай, дзе праз паданні і чароўныя гісторыі дзеці даведаюцца пра гісторыю раёна і яго выбітнасці. Да пачатку 2015 года адчыняць музей адукацыі Браслаўскага раёна, ужо існуе яго макет, ёсць патрэбныя стэнды і інфармацыя, засталося толькі ўвасобіць гэта ў жыццё. А для развіцця харэаграфічных здольнасцей дзяцей запрацуе танцавальная зала. Плануецца таксама развіваць тэхнічную творчасць і стварыць больш гурткоў у гэтым накірунку. А найбольш прыярытэтным накірункам тут лічаць развіццё міжнароднага супрацоўніцтва. Першы крок ужо зроблены: пасля пэўнага перапынку ў супрацоўніцтве нядаўна на браслаўшчыну прыязджалі прадстаўнікі нямецкай грамадскай арганізацыі “КАЯ-Вест”.
Увогуле ж цэнтр дзяцей і моладзі і ў новым годзе будзе вучыць ствараць і фантазіраваць. Установа чакае да сябе ў госці ўсіх жадаючых навучыцца чамусьці 7 дзён на тыдні.

Таццяна Пятушка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *