b0b0ba8f3921750ee79429767900a8a9_ii1_0

Як і дзе сустрэць Новы год

Актуальное

b0b0ba8f3921750ee79429767900a8a9_ii1_0Набліжаюцца ўсімі любімыя святы – Каляды і Новы год. Сёння ёсць шмат магчымасцей, дзе і як святкаваць. Многія з выбарам, магчыма, ужо вызначыліся.
Новы год лічыцца святам сямейным, а значыць, лепш за ўсё хоць бы спачатку пабыць у коле сям’і, разам выпіць шампанскае пад бой курантаў, а працягваць вяселле можна і ў кампаніі сяброў.
Нехта, магчыма, адправіцца на дачу, у лес, каб вадзіць карагоды каля жывой ёлачкі, нехта адправіцца ў далёкае падарожжа ў сонечны Егіпет ці Турцыю.
А які адпачынак можна выбраць у Браславе? У рэстаране “Азёрны” чакаюць наведвальнікаў у навагоднюю ноч за святочным сталом, з незвычайным меню, жывой музыкай, забаўляльнай праграмай, якая разлічана да пяці гадзін раніцы 1 студзеня. Здзівіць сваіх наведвальнікаў абяцаюць як повары, так і арганізатары мерапрыемства. Першапачаткова святочная вячэра будзе каштаваць 350 тысяч рублёў з чалавека, астатняе будзе залежаць ад таўшчыні кашалька кліента і яго густу. Яшчэ ёсць свабодныя месцы.
Разнастайную праграму рыхтуюць для браслаўчан і гасцей горада і работнікі турбазы “Браслаўскія азёры”. Навагодні банкет з забаўляльнай праграмай, Дзедам Марозам і Снягуркай абыдуцца ў 450 тысяч рублёў. Арганізатары паклапаціліся, каб ніхто не сумаваў і 1 студзеня ў новым годзе. Днём можна разам з імі адправіцца на пікнік на прыроду, а вечарам працягваць святкаванне за вячэрай. За такое актыўнае баўленне часу 1 студзеня давядзецца заплаціць каля 380 тысяч рублёў. Дарэчы, сёлета, як паведаміла спецыяліст па турызме Дар’я Шылкова, з 31 снежны па 2-3 студзеня на турбазе пажадалі адпачыць шмат беларусаў. Пражыванне, харчаванне ім абыдзецца ў гэты тэрмін 1 млн. 800 тысяч рублёў з кожнага чалавека. Прыедзе на навагоднія святы на Браслаўшчыну і нямала расіян. Многія з іх рабілі заяўкі ў лістападзе. На турбазе спадзяюцца, што амаль усе месцы ў камфартабельным корпусе будуць заняты.
Рыхтуюцца да Новага года і ў нацыянальным парку “Браслаўскія азёры”. Асноўная задача лясніцтваў у гэтыя дні нарыхтаваць дастаткова свежых ялінак – галоўнага атрыбута свята. Іх нарыхтоўкай займаюцца ўсе 10 лясніцтваў. У сярэднім штогод разыходзіцца каля 1 тысячы 300 дрэўцаў. Сёлета кошт елачкі вышынёй да 1 метра абыдзецца ў 50 тысяч рублёў, да 2 м – 60, да 3 – 80, да 4 – 120, да 5 – 170 тысяч рублёў. Работнікі нацпарка запэўніваюць, што елачак хопіць усім жадаючым. Іх пачнуць прадаваць у вызначаных для гэтага месцах напярэдадні каталіцкіх Каляд.
Не будуць пуставаць і аграсядзібы. Напрыклад, як паведаміла гаспадыня сядзібы “На аколіцы” Кацярына Шакель, з 31 снежня па 2 студзеня яны чакаюць тры сям’і беларусаў з дзецьмі.
— У нас абавязкова будзе дзве жывыя ёлкі, дома і ў двары, з цацкамі і ілюмінацыяй. Калі турысты пажадаюць, безумоўна, усіх іх павіншуюць Дзед Мароз і Снягурка. А яшчэ мы вельмі марым, калі будзе снег, наладзіць для гасцей катанне на снегаходзе, лыжах, санках. Галоўнае, каб надвор’е не паднесла сюрпрызаў. Лепш рознымі нечаканасцямі мы будзем здзіўляць у гэтыя святочныя дні сваіх адпачываючых самі, — сказала Кацярына.
Такі адпачынак кампаніі будзе каштаваць каля тысячы ўмоўных адзінак.
Увогуле, як запэўнівалі іншыя гаспадары аграсядзіб, для сваіх гасцей яны гатовы забяспечыць не толькі святочны настрой, камфорт, але і самыя розныя забавы.
Сумаваць, як кажуць, нікому не дадуць.
Цікавую забаўляльную праграму ў навагоднюю ноч ля гарадской ёлкі рыхтуюць і работнікі культуры. Словам, кожны можа знайсці задавальненне па душы. Нездарма ж кажуць, як новы год сустрэнеш, так яго і правядзеш. Значыць, трэба старацца ад душы павесяліцца, але каб усё было ў меру.

Зінаіда Аляксандрава.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.