IMG_8580 (Small)

Дзяцінства, скалечанае вайной

Актуальное

IMG_8580 (Small)У гады Вялікай Айчыннай вайны шмат жыхароў вёсак Далёкія, Эйвідавічы, Друсевічы, Мілашкі, Багданова, Бабылі былі вывезены ў Германію для прымусовых работ. Разам з дзецьмі на чужыну трапілі і дзеці, якім было ў асноўным ад 5 да 14 гадоў.
Сярод такіх нявольнікаў была і Алена Астроўская з Друсевіч. Жанчыне сёлета споўнілася 80 гадоў, але яна да гэтага часу не можа без слёз успамінаць тыя далёкія жудасныя падзеі сваёй біяграфіі.
Жанчына расказвае, ёй было толькі дзесяць гадоў, калі ў адзін з восеньскіх дзён 1943 года сагналі маладых і старых і пагналі пешшу спачатку ў Опсу, а адтуль разам з іншымі аднавяскоўцамі адправілі на Дукштас, а ўжо з гэтага літоўскага горада па чыгунцы ў таварным цягніку – у Германію. Дзяўчынцы тады было толькі дзесяць гадоў. Але з першых гадзін пакуты, якія давялося перажыць, урэзаліся ў яе памяць назаўсёды.
— Дарога была цяжкай і доўгай. Людзі, якія да гэтага часу нікуды далей за сваю вёску не адлучаліся, апынуліся на варожай чужыне, — змахвае слязу і працягвае свой расказ мая субяседніца. – І вось горад Хемнец, працоўны лагер. І сёння без хвалявання не магу вымаўляць гэтыя словы.
У лагеры было каля 250 чалавек. Алена Юльянаўна добра памятае двухярусныя ложкі пакрытыя матрацам. Дзецям у суткі давалі па 200 грамаў хлеба, дарослым – па 500. Бацька і маці працавалі на чыгунцы пуцейцамі, а дачку пакідалі з сямігадовым брацікам у лагеры. Брацік аднойчы моцна захварэў. Як потым высветлілася, у яго быў менінгіт, і выратаваць хлопчыка не змаглі. Родныя да гэтай пары не ведаюць, дзе і як ён быў пахаваны.
Дзеці, старэйшыя за 10 гадоў, працавалі ў лагеры па гаспадарцы. Некаторыя даілі і кармілі кароў, а Алене пашанцавала трапіць у склад групы, якой давяралі чысціць бульбу. Там можна было, як прызнаецца, іншы раз украсці клубень, спячы яго ды з’есці, бо, акрамя хлеба і бручкі, нявольнікам нічога не даставалася.
Аднойчы Алену ўзяў да сябе даглядаць маленькую дачку перакладчык. Дзяўчынка старалася дагадзіць свайму гаспадару, за што той аддзячваў яе сухарыкамі.
Дваццаць доўгіх месяцаў правяла Алена ў нямецкім лагеры разам з бацькамі. Выратаванне прыйшло ў адзін з вясновых дзён сорак пятага. Вызвалілі іх амерыканцы.
Дарога дамоў хоць і была доўгачаканай, але аказалася пеклам. У перапоўненым людзьмі цягніку недзе было нават прымасціцца, не было чаго есці. Але ўсе гэтыя пакуты здаваліся нічым у параўнанні з жаданнем хутчэй вярнуцца на радзіму. Праўда, вярнуліся на папялішча. Бацькі засталіся жыць у зямлянцы, а Алену адправілі да сястры маці няньчыць малую. Алена Юльянаўна і сёння з сорамам успамінае, як іншы раз карміла дзяўчынку і крала ў яе з талеркі лыжку-другую яечні. Тая плакала, бо заставалася галоднай. Алена так ніколі і не змагла прызнацца цёці ў такім сваім учынку.
У школу Алена пахадзіла менш за паўгода, а затым яе забралі бацькі да сябе. Так і засталася на ўсё жыццё бязграматнай. Але лічыць, што ў жыцці ёй усё ж пашанцавала, бо сустрэла ў сваім жыцці добрага мужа, які шанаваў.
Больш за шэсцьдзясят гадоў Алена Юльянаўна і Эдуард Казіміравіч разам. Яна працавала ў калгасе, затым мыла посуд у школьнай сталовай ў Далёкіх, а муж 37 гадоў прысвяціў бухгалтарскай справе ў калгасе. Астроўскія выгадавалі двух сыноў, маюць чатырох унукаў і столькі ж праўнукаў.
Праз колькі пасляваенных гадоў А. Астроўская даведалася, што ў Далёкіх жыве жанчына, якая таксама была ў Хемнецэ. Гэта Марыя Баравік. Лёсам было наканавана ім сустрэцца ўжо ў мірны час. Цяпер былыя малалетнія вязні наведваюць адна адну, успамінаюць пра цяжкія дні вайны і сваё скалечанае дзяцінства.

Зінаіда Палулех.
На здымку: Алена Юльянаўна і Эдуард Казіміравіч Астроўскія.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.