Цудоўная майстрыхі

Актуальное Люди

11Каб знайсці справу па душы, патрэбны цярпенне і жаданне сваімі рукамі ствараць прыгажосць. Гэтымі якасцямі ў поўнай меры валодае Жанна Міхновіч – творчы і таленавіты чалавек, майстар-самавучка, член клуба “Ля возера”, які дзейнічае пры Браслаўскім доме рамёстваў.
А нядаўна ў Далёкаўскім клубе адкрылася выстава гэтай цудоўнай жанчыны, нашай зямлячкі. З такой нагоды мясцовы клуб і бібліятэка арганізавалі мерапрыемства “Мы ў госці запрашаем вас”. На сустрэчу да Жанны Міхновіч паклікалі ўсіх жадаючых, асабліва шмат было школьнікаў, якія зацікавіліся творчасцю майстрыхі.
У нацыянальным касцюме, зробленым сваімі рукамі, яна сустракала гасцей выставы. З радасцю Жанна Валянцінаўна расказала прысутным пра сваё жыццё. Нарадзілася яна ў в. Дубраўка, вучылася спачатку ў Мінскім ПТВ лёгкай прамысловасці, а пасля яго заканчэння ў Віцебскім тэхналагічным тэхнікуме па спецыяльнасці мадэльер-канструктар. Калі вярнулася на радзіму, разам з мужам пераехала ў Далёкія. Доўгі час працавала ў мясцовым КБА, потым у СДК, бібліятэцы. А зараз гэта творчая жанчына загадвае аддзяленнем паштовай сувязі ў в. Богіна.
Жанна Валянцінаўна не адразу ўсё умела, але гэта, магчыма, дар, які перайшоў па спадчыне. Яе матуля – майстрыха на ўсе рукі, цудоўна вышывае, вяжа, прадзе, робіць рышэлье. Сама Ж. Міхновіч з дзяцінства любіла маляваць, афармляць насценгазеты, а пазней занялася творчасцю сур’ёзна. Першыя работы былі ў спецыяльнай тэхніцы мярэжцы, затым асвоіла бяросту, вышыўку, бісера- і саломапляценне, арыгамі, шыццё мяккіх цацак. І ўсё гэта сама вывучала па кнігах, таму і сталі яе называць майстрыха-самавучка. Пазней Жанна Міхновіч навучылася яшчэ і працаваць са скурай. Пэўны час вяла гурткі для дзяцей у СДК, дапамагала шыць касцюмы, афармляла сцэну. Здаецца, няма таго, чаго не ўмее гэты творчы і апантаны справай чалавек.
Для гасцей выставы яна арганізавала майстар-клас і паказала, як стварае свае прыгожыя рэчы. Прысутныя ж у сваю чаргу жыва цікавіліся тым, якая была першая работа майстрыхі, адкуль бяруцца ідэі, які матэрыял самы любімы, і планамі на будучае.
З’яўляючыся членам клуба “Ля возера”, жанчына ўдзельнічае ў многіх выставах рамёстваў, а нам прыемна, што адну з іх яна арганізавала і ў нашым клубе, якому аддала шмат гадоў працы.

Ала Галіна,
загадчыца Далёкаўскай бібліятэкі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *