Заслужаныя ўзнагароды

Актуальное

IMG_6868 (Small)Падтрымка таленавітых дзяцей, якія праявілі сябе ў навукова-даследчай, творчай дзейнасці, знаходзіцца сярод прыярытэтаў нашай дзяржавы. За свае поспехі яны атрымліваюць стыпендыі Прэзідэнта РБ, старшыні аблвыканкама. Стала добрай традыцыяй і лепшых вучняў Браслаўшчыны ўшаноўваць стыпендыяй старшыні райвыканкама.
На мінулым тыдні ў канферэнц-зале гімназіі сабраліся прадстаўнікі раённай улады, лаўрэаты стыпендыі, іх педагогі і бацькі, каб ва ўрачыстай абстаноўцы ўручыць адораным школьнікам заслужаную ўзнагароду.
Вітаючы лаўрэатаў стыпендыі, старшыня райвыканкама Сяргей Шматаў адзначыў, што таленавітыя і здольныя дзеці — гэта не толькі радасць і гордасць для бацькоў і настаўнікаў, гэта яшчэ і вялікая адказнасць за тое, каб знайсці прымяненне сваім ведам і ўменням. Ён падкрэсліў важнасць сумеснай працы і ўзаемадзеяння педагогаў і бацькоў, бо толькі агульнымі намаганнямі магчыма дасягнуць высокіх вынікаў.
Старшыня райвыканкама пажадаў лепшым вучням раёна заставацца актыўнымі і мэтанакіраванымі, выказаў спадзяванне, што маладыя таленты звяжуць сваю будучыню са сваёй малой радзімай, каб і далей узбагачаць нашу сінявокую Браслаўшчыну.
Сёлета лаўрэатамі стыпендыі старшыні райвыканкама ў намінацыі «Вучэбная, даследчая і інтэлектуальная дзейнасць» сталі два навучэнцы гімназіі Вікторыя Верпечынскене і Антон Кук’ян, якія, дзякуючы сваім здольнасцям і ўпартай працы, праславілі наш раён на рэспубліканскім узроўні і занялі дыпломы ІІІ ступені на алімпіядах па беларускай мове і матэматыцы.
У намінацыі «Мастацка-эстэтычная творчасць» лаўрэатамі прызнаны вучань Бласлаўскай СШ №1 імя А. М. Жданава Міхаіл Храпан і Казянскай дзіцячы сад-сярэдняй школы Яўген Каменьшчыкаў. Творчыя здольнасці гэтых хлопцаў адзначаны дыпломамі ІІ і ІІІ ступені (адпаведна) абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па тэхнічнай працы.
Уладальніцай дыплома ІІІ ступені рэспубліканскага конкурсу даследчых работ «Таямніцы малой радзімы» стала вучаніца Дрысвяцкай СШ Аляксандра Сакалоўская.
Старшыня райвыканкама Сяргей Шматаў уручыў прызёрам рэспубліканскіх і абласных алімпіяд дыпломы і яшчэ раз выказаў спадзяванне, што і далей стыпендыяты будуць праслаўляць наш раён сваімі поспехамі і дасягненнямі.
Кожны разумее, што поспехі дзяцей немагчымы без самаадданых працы педагогаў.
Сёлета за якасную і плённую падрыхтоўку лаўрэатаў памятнымі імяннымі ўзнагародамі старшыні райвыканкама адзначаны настаўнікі Валянціна Мірановіч, Аксана Сіўко, Аляксандр Пятроўскі, Аляксандр Лапеха і Аліцыя Прахарэнка.
Галоўнай апорай сваіх таленавітых дзяцей, безумоўна, з’яўляюцца бацькі. І ў гэты радасны і ўрачысты для іх дзень яны атрымалі падзячныя лісты і цёплыя словы віншавання ад начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Івана Абаровіча.
Далей стыпендыятаў запрасілі разрэзаць святочны прыгожы торт, які сімвалізаваў Кнігу ведаў. Пасля чаго сустрэча праходзіла ў фармаце круглага стала за кубкам гарбаты і саладосцей, дзе госці адказвалі на пытанні вядучай і выказвалі свае меркаванні пра адоранасць і шляхі яе развіцця.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *