Маленькая зорачка

Актуальное

1Сабіна Шчэціна (на здымку) вучыцца ў чацвёртым класе Відзаўскай СШ. Але гэтую таленавітую дзяўчынку ведаюць не толькі яе равеснікі і вучні гэтай навучальнай установы. Яна ўжо заявіла пра сябе як юная спявачка.
Упершыню на сцэну з песняй “Гномікі” Сабіна выйшла ў першым класе. Прызнаецца, што было страшнавата, доўга не праходзілі дрыжыкі ў каленках. Але гледачам выступленне спадабалася, і яны горача апладзіравалі. А што яшчэ патрэбна артысту, хоць і такому юнаму, як прызнанне.
Сёлета Сабіна прыняла ўдзел у раённым конкурсе “Маладыя галасы” з песняй “Сонца над маёй Беларуссю” і стала пераможніцай у малодшай катэгорыі. І няхай гэта першая яе перамога на такім узроўні, але, спадзяюся, не апошняя.
Сабіна з задавальненнем наведвае музычную школу, дзе вучыцца ігры на цымбалах, а вакалам з ёй займаюцца настаўніца музыкі Аліна Насыр і дырэктар Відзаўскага ДК Ганна Павініч. Менавіта яны раскрылі талент дзяўчынкі і стараюцца дапамагчы яму развівацца.
Цяпер дзяўчынка рыхтуецца да выступлення на конкурсе “Настаўнік года”, які будзе праходзіць у школе. А спяваць яна будзе “Пуцяводную зорку”.
Калі пры сустрэчы я пацікавілася, адкуль у Сабіны такое вялікае жаданне спяваць, яна прызналася, што яе прадзядуля спяваў у касцёле і іграў на аргане. Магчыма, яго здольнасці праз пакаленні перадаліся і ёй.
Захапленне музыкай не перашкаджае дзяўчынцы паспяхова вучыцца. Яна таксама добрая і шчырая сяброўка, маміна памочніца.
Сабіна расце ў няпоўнай сям’і. Яе мама Рэгіна ва ўсім падтрымлівае любімую дачушку. Заўсёды ў час выступленняў суправаджае яе, хвалюецца. Мама стараецца для кожнага выхаду на сцэну пашыць ці купіць Сабіне новы ўбор, каб яна выглядала як сапраўдная прынцэса.
Я не магла не спытаць у гэтай дзяўчынкі пра яе мары. Сабіна па-даросламу адказала: “Хачу сама напісаць песню. Праўда, пакуль у мяне гэта не атрымліваецца. Калі ўзнікае натхненне, не паспяваю запісаць словы, а потым іх забываю. Але спадзяюся, што ў мяне павінна атрымацца вельмі добрая песня, бо яна будзе ісці з глыбіні душы. А яшчэ мару выступіць калі-небудзь у тэлевізійным праекце “Я спяваю”. Я вельмі люблю назіраць за маленькімі артыстамі, якія выходзяць на сцэну Палаца рэспублікі, перажываю за іх”.
— Сабіна, а кім ты бачыш сябе ў будучым? – Пацікавілася я. На што дзяўчынка мне адказала: “Калі не стану спявачкай, то буду абавязкова дзіцячым доктарам, як некалі мая бабуля. Я вельмі хачу, каб усе дзеці на зямлі былі здаровыя і вясёлыя”.

Зінаіда Палулех.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *