IMG_6699 (Small)

Дораць свята і радасць

Актуальное Власть и общество

IMG_6699 (Small)На святочным мерапрыемстве ў РДК, якое адбылося ў мінулую пятніцу з нагоды Дня работнікаў культуры, панавала ўзнёслая і творчая атмасфера.
Гэта прафесійнае свята аб’ядноўвае прадстаўнікоў многіх сфер: супрацоўнікаў музеяў і бібліятэк, дзеячаў тэатраў і канцэртных арганізацый, спецыялістаў гарадскіх і сельскіх Дамоў культуры, кіраўнікоў калектываў мастацкай самадзейнасці і аматарскіх аб’яднанняў. Дзякуючы іх творчым ідэям і карпатлівай працы зберагаюцца сотні цудоўных каштоўнасцей і ствараюцца новыя, праходзяць мерапрыемствы, якія надоўга пакідаюць след у нашай душы, а жыццё становіцца цікавым і насычаным.
У дзень правядзення святочнай праграмы работнікі культуры з розных населеных пунктаў Браслаўшчыны на выставе ў файе раённага Дома культуры прадставілі свае творчыя набыткі.
Напачатку ўрачыстасці вядучая Алена Котава звярнулася са словамі ўдзячнасці і віншавання да ветэранаў працы ў сферы культуры. Пра кожнага з іх было сказана шмат цёплых слоў, а прысутныя ў зале атрымалі кветкі.
Штодзённая праца творчых работнікаў не засталася незаўважанай. За актыўны ўдзел, арганізацыю і правядзенне міжнародных, раённых свят і мерапрыемстваў многія атрымалі ўзнагароды.
Старшыня райвыканкама Сяргей Шматаў уручыў ведамасную грамату абласнога ўзроўню дырэктару РДК Таццяне Кука, а грамату райвыканкама — балетмайстру ўзорнага харэаграфічнага калектыву «Такт» Святлане Кажапенька, кіраўніку народнага клуба майстроў «Ля возера» Наталлі Парахневіч і бібліятэкару Мяжанскай бібліятэкі Людміле Бялюн, адзначыў падзякамі райвыканкама настаўнікаў дзіцячай школы мастацтваў Вераніку Сапрончык і Валянціну Шніп, загадчыка аддзела бібліятэчнага маркетынгу Ірыну Макарэвіч.
У сваім выступленні Сяргей Шматаў падзякаваў усім тым, хто дорыць людзям радасць і добры настрой, дае духоўны пажытак, не шкадуючы для работы ні сіл, ні часу, і пажадаў далей заставацца тым цэнтрам, да якога цягнецца ўсё насельніцтва Браслаўшчыны.
На сцэну былі запрошаны Ірына Бялусь, Галіна Мацеша, Марына Шыркевіч, Марыя Васілеўская, якія напярэдадні прафесійнага свята ў абласной філармоніі былі ўзнагароджаны Граматай упраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі.
Супрацоўнікі культуры — гэта неардынарныя таленавітыя людзі, дзякуючы дзейнасці якіх фарміруецца ўспрыманне патрыятызму і духоўнасці. Зтакімі словамі да прысутных звярнулася начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталля Спірыдонава і ўручыла ведамасныя граматы і падзякі лепшым супрацоўнікам, а Друеўскаму і Дрысвятскаму сельскім Дамам культуры ў рамках праграмы «Развіццё сяла» — камп’ютары.
Гэта толькі на першы погляд здаецца, што працаваць у культуры лёгка і прыемна — вакол святочная абстаноўка і ніякай руціны. І толькі самі работнікі ведаюць, як гэта цяжка дастукацца да кожнага сэрца і знайсці водгук у кожнага гледача. Безумоўна, усе яны заслугоўваюць шчырыя словы ўдзячнасці са сваю працу.
І хто, як не кіраўнікі розных сфер культуры гэта разумеюць. Таму ў гэты дзень са сцэны гучалі словы віншавання ад Вольгі Ляснеўскай, Надзеі Дударонак, Таццяны Кука і Альберта Белуся.
Быць супрацоўнікам культуры — гэта стан душы. Падцвярджэннем таму стаў цікавы святочны канцэрт, падрыхтаваны прафесіяналамі сваёй справы, якіх мы з радасцю і задавальненнем бачым на сцэнах раённага і сельскіх Дамоў культуры.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.