dog

Сітуацыя неадназначная

Актуальное

dogУ рэдакцыю працягваюць звяртацца людзі, занепакоеныя сітуацыяй з бадзяжнымі сабакамі. Сапраўды, час ад часу на вуліцах горада можна заўважыць зграі гэтых жывёл. Што ў іх на розуме – аднаму богу вядома, і таму казаць іншы раз пра патэнцыяльную небяспеку, зыходзячую ад такіх “груповак” няма неабходнасці.
За тлумачэннямі мы звярнуліся ў аддзел ЖКГ райвыканкама. “Сітуацыя досыць складаная,” – кажа яго начальнік Іван Бялусь. – Справа ў тым, што дзеючае заканадаўства забараняе адстрэл бяздомных жывёл (за выключэннем крытычных выпадкаў), ды і ўвогуле выкарыстанне агнястрэльнай зброі ў населеных пунктах і на пэўнай адлегласці ад іх. Нельга цяпер і спецыяльнымі прэпаратамі абезрухомліваць жывёлу. Бадзяжных сабак можна толькі лавіць, пасля чаго,пры наяўнасці ў іх ашыйнікаў, жэтонаў і іншых прыкмет наяўнасці гаспадароў, змяшчаць у спецыяльна адведзеных месцах на тэрмін да пяці дзён. Калі ж за гэты час уладальнікі не знаходзяцца, іх умярцвяюць. Мерапрыемствы па адлове праводзяцца па графіках, зацверджаных мясцовымі выканаўчымі органамі.
На тэрыторыі Браслаўскага раёна гэтымі справамі займаецца ДПУ «Нацыянальны парк “Браслаўскія азёры”», у горадзе – ДП “Браслаў камунальнік”. На жаль, ні спецыяльных сродкаў для адлову, ні магчымасцей для часовага ўтрымання жывёл у іх пакуль няма. Але пакінуць сітуацыю нявырашанай таксама нельга. І пэўная работа ўсё ж вядзецца. Так, з пачатку бягучага года камунальнікі ўжо адлавілі 17 бадзяжных сабак. Усе яны пахаваны ў спецыяльных могільніках.
Зараз вядуцца перагаворы са спецыялізаванымі арганізацыямі, для якіх бяздомныя жывёлы – асноўны аб’ект работы. Аднак іх паслугі каштуюць нятанна, і чым скончыцца падобная ініцыятыва, невядома. У той жа час камунальнікі маюць намер сур’ёзна ўзмацніць дзейнасць па адлове ўжо ў самы бліжэйшы час, каб дзеці спакойна сустрэлі новы навучальны год.
Варта нагадаць, што мерапрыемствы па кантролі за колькасцю бадзяжных жывёл праводзяцца як па графіках, так і па прапановах санітарна-эпідэмічных службаў і сігналах грамадзян. Жыхарам сельскай мясцовасці трэба звяртацца ў свае сельвыканкамы і лясніцтвы, гараджанам жа – у аварыйна-дыспетчарскую службу ЖКГ (2-94-01, кругласутачна).

Вячаслаў Каладынскі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.