Да экстрэмальных абставін падрыхтаваны

Власть и общество

IMG_4383 (Small)У мінулы чацвер у леснічоўцы адбыліся спаборніцтвы санітарных дружын, арганізатарам якіх выступілі РАНС і ГА «Чырвоны крыж». Таксама хочацца адзначыць дапамогу ў правядзенні конкурсу і раённую бальніцу. Яна прадаставіла сваіх супрацоўнікаў, якія ацэньвалі падрыхтоўку санітарных груп, два аўтамабілі «хуткай дапамогі» і аснашчэнне.
Гатоўнасць да аказання дапамогі ў крытычных абставінах прадэманстравалі санітарныя дружыны хлебазавода, райпа, СВК «Маяк Браслаўскі», АТП № 18, Браслаўрайгаза,
ДЭУ-34, ДРБУ-142.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў конкурсу звярнулася намеснік старшыні райвыканкама Іна Лысенка. Яна адзначыла, што правядзенне такіх мерапрыемстваў вельмі важна, бо ў выпадку катастрофы ніяк не хопіць медыцынскіх службаў, каб аказаць дапамогу грамадзянскаму насельніцтву. Таму на кожным прадпрыемстве ствараецца санітарная дружына, якая зможа аказаць дапамогу пацярпелым. Вельмі прыемна, што кіраўнікі арганізацый і прадпрыемстваў раёна да спаборніцтваў аднесліся даволі сур’ёзна. Застаецца спадзявацца, што ў наступны год збярэцца яшчэ больш каманд.
Раённы конкурс быў праведзены ў чатыры этапы, падчас якіх удзельнікі дэманстравалі і тэарэтычныя, і практычныя веды. Падчас першага этапа кампетэнтнае журы ацэньвала камплектацыю сумак удзельнікаў барацьбы і ўменне адшукаць у іх патрэбныя рэчы.
Прадэманстравалі каманды і тэхніку карыстання процівагазам на хуткасць. На другім этапе санітарныя дружыны працавалі ў ачагу камбінаванага паражэння, накладвалі жгуты і павязкі “пацярпелым”. Наступнымі прыступкамі спаборніцтваў стала праверка здольнасцей членаў каманд зарыентавацца і правесці адпаведныя санітарныя мерапрыемствы, трапіўшы ў “ачаг” хімічнага і інфекцыйнага паражэння.
Удзельнікі спаборніцтваў прайшлі ўсе этапы, вызначаныя праграмай, паказалі добрыя практычныя навыкі і зладжанасць у дзеяннях. Лепшымі з сандружыннікаў ўжо другі год запар прызнана каманда СВК «Маяк Браслаўскі», і пераходны кубак пераможцаў застаўся ў іх (на здымку). Трэба адзначыць сур’ёзны падыход гэтай каманды да конкурсу, вялікую ступень тэарэтычнай падрыхтоўкі, трывалую амуніцыю, зладжаную работу ў камандзе і жаданне перамагчы. Таму менавіта ім прадастаўлена ганаровае права прадстаўляць Браслаўшчыну на абласных спаборніцтвах санітарных дружын. Нам застаецца толькі пажадаць гэтай згрунтаванай сандружыне трапіць у лідары.
Другое месца па выніках спаборніцтваў дасталося санітарнай групе з АТП №18, трэцяе – сандружыне ДЭУ №34.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *