spartakiada

Спаборнічалі сельскія жыхары

Власть и общество

У мінулую суботу аддзел фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама ладзіў спаборніцтвы сярод сельскіх жыхароў раёна. За права звацца наймацнейшымі змагаліся каманды Ахрэмавецкага, Відзаўскага, Далёкаўскага, Друеўскага і Плюскага сельсаветаў. Трэба адзначыць, што традыцыйна большую частку ўдзельнікаў складала моладзь, неабыякавая да здаровага ладу жыцця. Згодна з палажэннем, у большасці іспытаў прымалі ўдзел і жанчыны, таму прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва таксама было дастаткова многа.
У сваю чаргу, арганізатары падрыхтавалі для ўдзельнікаў спартакіяды шэраг спаборніцтваў. На базе спартыўнай школы праходзіла мнагаборства, перацягванне каната, першынство па гіравым спорце і стрытболе. Адначасова ў спартыўнай зале першай школы былі арганізаваны спаборніцтвы па настольным тэнісе. На стадыёне планавалася эстафета, але, на жаль, сапраўднае зімовае надвор’е не дазволіла яе правесці.
Удзельнікі мелі магчымасць праявіць сябе як у асабістым, так і камандным заліку. Адзінае выключэнне – штурханне гіры, дзе апошняе прадугледжана не было.
Найбольш відовішчнымі сталі гульні ў стрытбол. Падчас напружанай барацьбы найлепшым чынам праявіла сябе каманда з Друеўскага сельсавета, другімі сталі спартсмены з Ахрэмаўцаў, а трэцяе месца павезлі з сабой відзаўчане. Такія ж вынікі атрымаліся і ў першынстве па настольным тэнісе. У перацягванні каната не было роўных камандзе з Далёкіх. Тытул самага моцнага хлопца ў рыўку гіры заваяваў друянін Юрый Бабышка. У агульным жа выніку па суме набраных балаў трэцяе месца атрымала каманда з Далёкаўскага сельсавета, другое – з Відзаўскага, а бясспрэчнымі пераможцамі сталі спартсмены з Друі. Усе яны атрымалі граматы і кубкі.

Вячаслаў Каладынскі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.