У Богіна адкрылі новы клуб! (фота)

Власть и общество

Адкрыцця клуба ў аграгарадку Богіна з нецярпеннем чакалі не толькі мясцовыя жыхары, а і моладзь і дарослыя з суседніх вёсак. Для ўсіх іх гэта ўстанова культуры была не толькі месцам для сустрэч, але і тым аб’ектам, дзе яны маглі з карысцю бавіць вольны час, паслухаць добрых артыстаў і самі паўдзельнічаць у розных тэатралізаваных праграмах.
Два гады мінула з таго часу, як па праграме адраджэння сяла на капітальны рамонт і мадэрнізацыю будынка СДК было выдзелена 450 млн. руб. У 2010 годзе будаўнікі-падрадчыкі з “Лемана”, якім кіруе Андрэй Патапаў, умацавалі сцены, замянілі дах. Праўда, у 2011 годзе будоўлю закансервавалі. Але работнікі клуба пра памяшканне не забывалі, прыходзілі, праветрывалі яго, цеплілі ў асенне-зімовы перыяд. І культурнае жыццё не заціхала. Выступалі з канцэртамі ў школе, на фермах. І вось сёлета пры дадатковым фінансаванні 21 верасня адбылося ўрачыстае адкрыццё Богінскага СДК і бібліятэкі, якая таксама знаходзіцца ў адным з клубам будынку.
Дарэчы, бібліятэку наведваюць каля 300 чытачоў, каля 60 з іх – дзеці. Фонд налічвае 8 тысяч кніг.
Два гады, што вялася будоўля, бібліятэка размяшчалася ў мясцовай школе. Аднак культурнае жыццё ў ёй не заціхала. Загадчыца гэтай установы Вольга Алёхна не адзін год працуе ў сістэме і рыхтуе цікавыя мерапрыемствы для людзей розных узростаў.
А цяпер, калі бібліятэка так абнавілася, чаго варта толькі ўся новая мэбля, у яе з’явілася жаданне яшчэ лепш працаваць.
На свята ў Богіна завіталі старшыня райвыканкама Сяргей Шматаў і яго намеснік Іна Лысенка. Перарэзваючы сімвалічную чырвоную стужку, С. Шматаў павіншаваў усіх сабраўшыхся з такой значнай падзеяй і выказаў спадзяванне, што работнікі культуры будуць радаваць вяскоўцаў цікавымі і захапляльнымі мерапрыемствамі.
Старшыня Далёкаўскага сельвыканкама Марыя Баліка ўручыла дырэктару СДК Ірыне Ванага кветкі і падарунак і пажадала калектыву шмат наведвальнікаў, прытым розных узростаў і нават з суседніх вёсак.
Адкрыццё СДК праходзіла акурат у дзень, калі праваслаўныя вернікі адзначалі нараджэнне Божай Маці Прасвятой Багародзіцы. Гэту сімвалічнасць падкрэсліў і айцец Ігар. Ён адзначыў, што клуб у Богіне павінен стаць тым месцам, куды б дзеці прыходзілі з бацькамі і дзе б кожны знайшоў сабе занятак па душы і інтарэсе.
Парадавалі ўсіх прысутных артысты з Дрысвят, калектыў “Вярба”.
Мясцовыя гаспадыні падрыхтавалі да свята свае лепшыя і вельмі смачныя стравы, арыгінальныя тканыя і вышываныя вырабы.
Цудоўныя песні для богінцаў выканаў спявак з Віцебска Ігар Макараў. Ён ажаніўся на мясцовай дзяўчыне, добра ведае гэтыя мясціны і прыкіпеў да іх душой. Таму, магчыма, і яго выступленне было такім пранікнёным.
Увогуле, свята атрымалася па-дамашняму шчырым. Ад яго атрымалі задавальненне не толькі дарослыя, але і дзеці, якіх прыйшло сюды шмат. Хочацца спадзявацца, што адноўлены клуб з сучасным інтэр’ерам будзе збіраць сюды шмат наведвальнікаў, не толькі з ліку моладзі, якая прыйдзе на дыскатэку, але і з ліку дарослых, якія завітаюць на агеньчык у час цікавых мерапрыемстваў.

Зінаіда Палулех.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *