1

Іх лёс не дзеліцца на часткі

Сельские будни

1Станіслава і Людмілу Сайкоўскіх у раёне добра ведаюць многія, ды і не толькі ў раёне. Усё сваё працоўнае жыццё гэта сямейная пара прысвяціла сельгасвытворчасці. Разам яны радаваліся поспехам, удваіх перажывалі няўдачы, шукалі шляхі вырашэння ўзнікаючых праблем. Вытворчыя справы нярэдка абмяркоўвалі за вячэрай, каб раніцай зноў прыступіць да работы, не марудзячы часу.
Людміла Віктараўна, як нітка за іголкай, заўсёды была з мужам з 1966 года. Куды б яго ні накіроўвалі на працу, яна следавала за ім, была і цяпер застаецца надзейным памочнікам, добрым дарадцам і вернай сяброўкай.
Амаль адразу пасля вяселля, Сайкоўскіх накіравалі ў тагачасны калгас імя Чарняхоўскага. Гаспадарцы патрэбны былі маладыя і здольныя спецыялісты. Людміла працавала ветурачом, а Станіслаў – брыгадзірам. Абодва адказныя, працавітыя, энергічныя. За шчырую працу Сайкоўскія неаднойчы чулі словы ўдзячнасці ад старшыні Дзмітрыя Пліско, простых сялян, якім па меры магчымасці стараліся дапамагчы. За 10 гадоў работы ў гаспадарцы Сайкоўскія выраслі як спецыялісты.
Нялёгка было развітвацца з калгасам і людзьмі, з якімі столькі часу працавалі плячо ў плячо. Але на сямейным савеце вырашылі згадзіцца з прапановай пераехаць у калгас “Іскра” ўжо на пасады галоўных спецыялістаў – Людміла – заатэхніка, Станіслаў – агранома. Працаваць стараліся ў адной звязцы, бо добра ўсведамлялі, што без зладжанасці ў раслінаводстве не здолееш дабіцца поспеху і ў жывёлагадоўлі. Толькі накормленая і дагледжаная жывёла дасць высокія прывагі і надоі.
Праз дзесяць гадоў плённай працы на пасадзе галоўнага агранома Станіслаў Напалеонавіч атрымаў прапанову ўзначаліць калгас “Перамога”. Разумеў, што прымае гаспадарку, якая знаходзіцца ў незайздросным на той час фінансавым стане. Даўгоў, як успамінае, было больш, чым асноўных сродкаў. Усе комплексы былі пабудаваны ў крэдыт. Але, як кажуць, узяўся за гуж…
І зноў побач з ім была Людміла, якая заняла пасаду галоўнага заатэхніка. Каб выправіць сітуацыю, стаўку зрабілі на павелічэнне вытворчасці прадукцыі. Закуплялі племянных цялят, цялушак у Латвіі, Літве, Клайпедзе, Пскоўскай вобласці. За кошт захавання тэхналогіі кармлення паступова пачалі павялічвацца прывагі, расці надоі. Асаблівую ўвагу, як вопытны спецыяліст, Людміла Віктараўна ўдзяляла племянной справе. І ўжо праз 2 –3 гады фінансавая сітуацыя ў гаспадарцы пачала выпраўляцца. У 1991 годзе на рахунку ў “Перамозе” было ўжо каля 1,5 млн. руб. уласных сродкаў. Іх у асноўным накіроўвалі на будаўніцтва ферм, абнаўленне машынна – трактарнага парку, узвядзенне жылля. Па 5 – 6 дамоў будавалася ў год, вырасталі цэлыя вуліцы.
С. Сайкоўскаму ўдалося сабраць вакол сябе моцную каманду спецыялістаў, прыцягнуць у калгас механізатараў, жывёлаводаў. Ён умеў падбіраць кадры і даражыць імі. А людзі верылі старшыні, верылі ў яго пачынанні і іх поспех.
Калгас “Перамога”, а пазней СВК “Бярозавы край” неаднойчы станавіўся пераможцам і прызёрам раённага спаборніцтва ў жывёлагадоўлі і раслінаводстве, упэўнена трымаўся на лідзіруючых пазіцыях.
Пяць гадоў таму назад Сайкоўскія пайшлі на заслужаны адпачынак. Сельская гаспадарка была іх жыццём. Не злічыць, колькі грамат, дыпломаў, падзяк розных узроўняў у агульнай скарбонцы Станіслава Напалеонавіча і Людмілы Віктараўны. Яны іх не дзеляць на мае і твае. Гэта заслужаныя ўзнагароды абодвух, хіба толькі два ордэны “Знак пашаны” належаць асабіста Людміле Віктараўне за поспехі ў племянной справе.
Іх лёс немагчыма падзяліць на часткі, бо ён для Сайкоўскіх – адно цэлае.

Зінаіда Палулех.
На здымку: Станіслаў Сайкоўскі са сваім старэйшым унукам Дзімам.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.