Крысціна Кузняцова: «Як жа без “Браслаўскай звязды”?»

В свободное время Власть и общество

Аднойчы раніцай, калі прывяла сваю дачушку ў сад, наша выхавальніца з сумам у вачах у мяне спытала, ці можна яшчэ выпісаць газету. Былі апошнія дні месяца, і падпісная кампанія ўжо завяршылася. Са словамі «як жа я без “Браслаўскай”» жанчына прызналася, што выпісвае газету даўно і чытае ад коркі да коркі. Яшчэ тады зразумела, што да Крысціны Кузняцовай абавязкова трэба завітаць у госці.22

— Ведаеце, я на самой справе знаёмая з газетай вельмі даўно і беражліва захоўваю публікацыі, якія звязаны з маёй сям’ёй, — такімі словамі сустрэла мяне Крысціна Сяргееўна са стосікам выразак у руках. — Раёнку выпісвала яшчэ мая мама. Яны з сястрой вельмі любілі разглядваць фотаздымкі і чытаць пра знаёмых. Толькі і чула маленькая: «Паглядзі-паглядзі — і пра гэтага напісалі, заслужыў». Ну а я ўжо, цікаўная, пераглядала пасля іх. Потым, калі з мужам ажаніліся, стала выпісваць сама. Асабліва мне дарагі нумар, дзе напісана пра майго бацьку. Ён у мяне быў загадчыкам фермы, перадавіком, меў ордэн Леніна. Можа, будзе нясціпла, але і артыкулы розных гадоў пра сябе з выхаванцамі таксама захоўваю.

Крысціна Сяргееўна прызнаецца, што ў яе свой спосаб чытання: яна пачынае вывучаць навіны з апошняй старонкі, а менавіта з віншаванняў. Ёй заўсёды цікава суадносіць вершаваныя радкі з чалавекам, якога віншуюць і якога добра ведаеш. Наша чытачка здзіўлялася, як жа гэта можна так трапна падабраць словы пра пэўную асобу. Затым яна абавязкова кідае позірк на спачуванні. Тлумачыць так: «Гэта ж усё жыццёвае, а раптам каму патрэбна мая дапамога». Наступныя старонкі таксама трапляюць пад выбарку вопытнага вока: найперш шукаецца хроніка здарэнняў, артыкулы пад рубрыкай «актуальна», парады медыкаў і пра дашкольнае выхаванне. Падабаюцца чытачцы публікацыі пра браслаўчан у рубрыках «Браслаўшчына — гэта мы», «Чалавек і яго справа», «Моцная сям’я — моцная дзяржава». Асабліва цікава, калі напісана пра знаёмых ці блізкіх людзей. Заўсёды чытае вершы Святланы Цыўнель і Людмілы Патапенка на старонцы «Блакітны разліў», разам з рубрыкай «Пра што пісала “Браслаўская звязда”» наноў перажывае нейкія памятныя моманты. Як станоўчае адзначае Крысціна Сяргееўна з’яўленне шматлікіх юрыдычных публікацый. А ў гэтым годзе яна для сябе адкрыла рубрыку «Вандруем разам», дзе апісваюцца цікавыя факты з гісторыі і сучаснага жыцця нашых вёсак.

— Увогуле газета апошнім часам стала яркая, цікавая, насычаная артыкуламі. Імпануе падача матэрыялу. Напрыклад, буйныя раённыя мерапрыемствы асвятляюцца так, як быццам ты там быў. Словам, газету нашу я люблю і заўсёды яе з нецярпеннем чакаю. Калектыву рэдакцыі жадаю ўдзячных чытачоў, як мага болей падпісчыкаў, надалей захоўваць выданне цікавым і пазнавальным, а таксама творчых пошукаў і новых крэатыўных ідэй.

■ Вера БУЛАНАВА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *