У Браслаўскім раёне адкрыўся абаронча-спартыўны лагер

В свободное время
Школьны летні лагер — выдатнае месца для цікавага адпачынку, узнаўлення сіл і раскрыцця творчага патэнцыялу дзяцей. Тым больш што ва ўстановах адукацыі раёна дзейнічаюць лагеры розных накірункаў і на любы густ школьнікаў.

Не першы год у адзіную дружную каманду збірае браслаўскіх юнакоў абаронча-спартыўны лагер, які сёлета дзейнічае на базе Друйскай ЯССШ.

У першы дзень адбылося традыцыйнае ўрачыстае адкрыццё лагера, на якім прысутнічалі начальнік аддзела райвыканкама па адукацыі Іван Абаровіч, раённы ваенны камісар Віталь Грамніцкі і начальнік ІСН РАУС Сяргей Шаўчук. Госці ў сваім прывітальным слове павіншавалі хлопцаў, пажадалі ім плённых заняткаў і добрага адпачынку, а таксама правялі інструктажы па тэхніцы бяспекі.

Урачыста прайшло і прыняцце прысягі. Рэжым лагера максімальна набліжаны да армейскага. Усе яго ўдзельнікі размеркаваны на тры ўзводы, камандзірамі якіх прызначаны настаўнікі дапрызыўнай падрыхтоўкі, а таксама курсанты Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь. Пад’ём, адбой, прыём ежы і заняткі — строга па раскладзе. Кожны ўзвод па чарзе нясе каравульную службу і нарад.

А вось умовы пражывання хлопцаў даволі камфортныя. У іх распараджэнні блокі, дзе ёсць спальня на чатырох чалавек, пакой для адпачынку і душавая. А чатырохразовае каларыйнае харчаванне ўмацуе сілы будучых салдат.

Як адзначыла начальнік лагера Людміла Кароль, для школьнікаў распрацаваны насычаны і цікавы план мерапрыемстваў. Акрамя спартыўных спаборніцтваў і мастацкіх конкурсаў, навучэнцы бліжэй пазнаёмяцца з мясцовымі славутасцямі і ваколіцамі, наведаюць пагранзаставу «Друя», падчас заняткаў удасканаляць свае веды па ваенна-медыцынскай падрыхтоўцы, паспрабуюць разабраць і сабраць зброю. Безумоўна, будзе час і для прагляду кінафільмаў, сяброўскіх размоў.

Па водгуках школьнікаў, ім цікава ў лагеры, нават шасцікласнікі з захапленнем расказваюць пра свае дні «армейскага» жыцця. Магчыма, хтосьці з хлопцаў у будучым вырашыць звязаць свой лёс з ваеннай службай. ■

Алена ПЯТУШКА.

Фота аўтара.