Памяць жыве

Актуальное

вяликай перамозеВялікая Айчынная вайна пакінула незагойную рану ў гісторыі нашай краіны. Тыя драматычныя падзеі да сённяшняга дня адгукаюцца болем. А колькі людзей не вярнулася! Пры гэтым тысячы не проста не дачакаліся сваіх родных, але нават не ведаюць, дзе яны пахаваны.
Маладому пакаленню вельмі важна ведаць і не забываць праўду пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Для гэтага вывучаюцца ваенныя творы, праводзяцца ўрокі гістарычнай памяці, арганізуюцца сустрэчы з ветэранамі вайны і вязнямі канцлагераў. Не менш дзейсны выхавальны сродак — навядзенне і падтрыманне парадку на воінскіх пахаваннях.
Выпадкова трапіўшы на могілкі ў вёсцы Азяраўцы, убачыла дагледжаную брацкую магілу воінаў Чырвонай Арміі. Бачна, што пра яе клапоцяцца: прыбрана, пасаджаны і праполаты кветкі. Непадалёку знаходзіцца помнік лейтэнанту Уладзіміру Кірыкаву, ураджэнцу вёсцы Палявая Бабушкінскага раёна Валагоцкай вобласці, які памёр ад ран 27 ліпеня 1944 года. Лёгка заўважыць, што ён зроблены з сучасных матэрыялаў.
Убачанае падштурхнула даведацца, хто даглядае воінскае пахаванне ў Азяраўцах. Падчас размовы са старшынёй Ахрэмавецкага сельвыканкама Дзіянай Тарун даведалася, што шэфствам займаецца мясцовая школа. Школьнікі заўсёды наводзяць там парадак і чысціню. Дзякуючы Беларускаму фонду Міру, які ў 2014 годзе выдзеліў грошы ў памеры 7 мільёнаў рублёў, быў адрамантаваны помнік на брацкай магіле воінаў Чырвонай Арміі. Усе неабходныя работы выканалі работнікі ДП “Браслаў-камунальнік”.
У сёлета да старшыні звярнуліся супрацоўнікі Браслаўскага аддзялення дэпартамента аховы, якія хацелі дапамагчы ў справе догляду воінскіх помнікаў. Старшыня сельсавета прапанавала ім папрацаваць на пахаваннях у Азяраўцах. У прыватнасці, добраўпарадкаваць тэрыторыю вакол магілы лейтэнанта У. Кірыкава. І вакол помніка, які быў устаноўлены ў 2013 годзе за сродкі раённай арганізацыі Беларускага фонду Міру, супрацоўнікі зрабілі якаснае надмагільнае пакрыццё з надпісам “Вечная слава”. Адначасова добраахвотныя памочнікі абнавілі фарбу на помніку воінам Чырвонай Арміі.
Вось так сумеснымі намаганнямі падтрымліваецца парадак, рэканструіруюцца, а не зносяцца, помнікі. А гэта значыць, што памяць пра подзвігі салдат жыве, што сучаснае пакаленне беларусаў удзячна загінулым за магчымасць жыць на зямлі пад мірным небам.

Алена Набеева
Фота аўтара.