Сустрэча вернікаў з ксяндзом біскупам

Актуальное

IMG_3114 (Medium)У асаблівы для католікаў дзень — дзень успамінаў Ахвяравання Пана і дзень кансэкраванага жыцця – вернікі браслаўскага касцёла “Нараджэння Маці Божай” сустракалі ксяндза біскупа Алега Буткевіча. На малую радзіму, дзе нарадзіўся, сталеў і адкуль пачалася яго дарога служэння Богу і людзям, ардынарый Віцебскай дыяцэзіі прыехаў на сустрэчу з землякамі, каб разам з імі ўзнесці супольную малітву да Пана Бога.
Але да пачатку сваёй першай у якасці біскупа імшы ў Санктуарыі Маці Божай Браслаўскай яго эксцэленцыя пажадаў памаліцца ля магіл ксяндзоў, якія раней неслі паслугу ў браслаўскім касцёле. Потым працэсія ўвайшла ў храм, дзе і пачалася ўрачыстая Эўхарыстыя, якую разам з біскупам цэлебравалі ксяндзы Станіслаў Мжыглуд і Лукаш Карасінскі.
Вітаючы вернікаў, ардынарый падкрэсліваў, што Браслаўшчына багата на пакліканні пастырскага і манаскага служэння, што яго прызначэнне біскупам – гонар для католікаў краю. У сваю чаргу прадстаўнікі парафіі, якія цёпла віталі пастыра цяпер ужо усёй дыяцэзіі, звязвалі назначэнне ксяндза Алега Буткевіча біскупам з асаблівай Божай ласкай, якая агортвае наш край.
Злабадзённай і запамінальнай было казанне біскупа, у якім ён сканцэнтраваў увагу на ролі сям’і як у грамадстве, так і ў духоўным жыцці, на абавязках бацькоў і дзяцей адзін перад адным, на ролі дарослых у выхаванні сваіх дачок і сыноў.
У канцы імшы ксёндз пробашч Антоні Земба, прадстаўнікі касцёльных супольнасцей яшчэ раз выказалі біскупу радасць з нагоды супольнай малітвы, жадалі Божага бласлаўлення на кожны дзень працы і апекі Маці Божай — Валадаркі азёр на ўсе дні жыцця. У сваю чаргу ксёндз біскуп удзяліў кожнаму прысутнаму ў касцёле прыміцыйнае бласлаўленне.
Урачыстаць святой імшы была ўзмоцнена радасцю, якую адчувалі вернікі ад сустрэчы з ардынарыям, спевамі хора.
У гэты дзень ксёндз біскуп меў яшчэ сустрэчу з кіраўнікамі мясцовай улады, прысутнічаў на спектаклі, які паказаў на сцэне раённага Дома культуры касцёльны тэатральны калектыў.

Тамара Пашкевіч.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *