Традыцыя тварыць дабрыню

Актуальное

IMG_4115 (Small)Грамадскае аб’яднанне Чырвонага Крыжа для кожнага найперш асацыіруецца са словамі дабрачыннасць і міласэрнасць. Абапіраючыся на гэтыя прынцыпы і дзейнічае арганізацыя, а інакш людзі, якія ў яе ўваходзяць, і не могуць. Таму на рахунку аб’яднання столькі добрых спраў. Не менш іх і ў Браслаўскай раённай арганізацыі БТЧК, якая таксама актыўна далучаецца да аказання дапамогі тым, хто ў ёй мае патрэбу.
Так, на працягу мая ў краіне, у тым ліку і нашым раёне, ладзіўся месячнік Чырвонага Крыжа “Розныя дзеці – роўныя магчымасці”. Як патлумачыла старшыня Браслаўскай раённай арганізацыі БТЧК Ядвіга Натальчанка, перш за ўсё дапамога грамадскага аб’яднання была накіравана на самую неабароненую катэгорыю – дзяцей, і асабліва з абмежаванымі магчымасцямі, са шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў. Да таго ж 1 чэрвеня адзначаецца Міжнародны дзень абароны дзяцей. Таму ўсе мерапрыемствы, якія праходзілі ў маі, былі прысвечаны менавіта малым.
Дзякуючы намаганням неабыякавых людзей удалося сабраць больш за 500 тысяч рублёў на аперацыю Андрэю Дудараву. І застаецца толькі спадзявацца, што разам з іншымі сродкамі яны дапамогуць хлопчыку паправіцца. Таксама на суму каля 2 115 000 рублёў былі сабраны і закуплены прадукты харчавання, адзенне, абутак, цацкі і пасцельная бялізна, якія потым былі перададзены шматдзетным і малазабяспечаным сем’ям. Але не толькі матэрыяльная дапамога часам неабходна. Бывае, дастаткова толькі ўвагі і паразумення. І хто як не валанцёры Чырвонага Крыжа гэта добра ведаюць. Таму яны з падарункамі наведалі сям’ю, у якой выхоўваецца дзіця-інвалід. А потым завіталі ў пункт карэкцыйна-развіваючага навучання, дзе пачыталі малым казкі пра дабрыню і спагадлівасць.
Такім чынам за час месячніка была аказана дапамога 90 малым. І ўсё гэта заслуга 226 валанцёраў, якія знайшлі час, звярнулі ўвагу на праблемы іншых людзей і дапамаглі ім добрымі справамі і словамі.
Швейцарскі Чырвоны Крыж таксама не застаўся ўбаку і прыслаў гуманітарную дапамогу. Дзіцячае адзенне атрымалі 52 сям’і, якія выхоўваюць маленькіх дзяцей і маюць патрэбу ў дапамозе.
Акцыя “Розныя дзеці – роўныя магчымасці” супала з яшчэ адной знамянальнай датай. Восьмага мая свет адзначыў 150-годдзе гуманітарнай дзейнасці. Прымеркаваныя да гэтай падзеі ў раёне прайшлі розныя мерапрыемствы. Так, праводзіліся інфармацыйныя выступленні ў арганізацыях пра дзейнасць Чырвонага Крыжа, канферэнцыя “150 год добрых спраў”, выстава кніг, прысвечаная дзейнасці БТЧК, круглы стол “Што такое міласэрнасць”, акцыя “Дзякуй за перамогу” і многія іншыя мерапрыемствы. Раённае аб’яднанне прыняло ў свае рады 45 новых валанцёраў.
Месячнік прайшоў, але добрыя справы на гэтым не скончыліся. Літаральна днямі завяршылася яшчэ адна праграма БТЧК “Гуманітарная дапамога слабым”. У рамках яе былі закуплены прадуктовыя наборы і перададзены тым, хто адносіцца да “ўразлівай групы”. Гэта людзі з даходам, меншым за пражытачны ўзровень, інваліды 1 і 2 групы, адзінокія састарэлыя людзі, шматдзетныя і няпоўныя сем’і, асобы, якія вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі і яшчэ не працаўладкаваліся. Тых, каму яна патрэбна ў першую чаргу, падказаў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Такім чынам у нашым раёне прадуктовыя наборы атрымалі 50 чалавек.
Наперадзе ў раённай арганізацыі яшчэ шмат добрых спраў, бо ў іх склалася выдатная традыцыя тварыць дабрыню.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *