Перамога на баку Ахрэмаўцаў

Актуальное

Каб паспрабаваць свае сілы ў турыстычных спаборніцтвах, апантаныя маладыя людзі збіраюцца разам не толькі летам. Пачатак снежня — час, калі традыцыйна праходзяць турыстычнае раённае спаборніцтва і адкрытае першынства гімназіі на прыз “Залаты кацялок”. У гэтым годзе на іх завіталі каманды з Ахрэмаўскай, Друйскай, Опсаўскай, Кансталінскай школ і гімназіі.
У асабістым першынстве спаборнічалі 35 юных турыстаў. Яны спрабавалі свае сілы ў пераадоленні паласы перашкод, якая ўключала ў сябе навясную пераправу, пад’ём па зачэпах, маятнік, хуткасны спуск па вяроўцы з вышыні.
Траса была падзелена на два віды, каб на роўных адчувалі сябе ўсе: і тыя, хто ўжо добра валодае турыстычнай тэхнікай, і хто пажадаў прыняць удзел у такіх спаборніцтвах упершыню.
Цэлы дзень адно за адным удзельнікі праходзілі выпрабаванні. У адных усё атрымлівалася выдатна, а другім даводзілася пахвалявацца. У выніку, у асабістым заліку найлепшы выник сярод дзяўчынак паказалі А. Багдановіч з Ахрэмаўскай школы і Я. Яцкоўская з гімназіі, у хлопчыкаў перамогу святкаваў І. Крывель з Опсаўскай і М. Лук’янчык з Ахрэмаўскай школ.
Пасля напружанай барацьбы ў камандным заліку ўдзельнікі падзялілі п’едэстал наступным чынам: трэцяе месца ў гімназіі, другімі сталі вучні Друйскай школы, а галоўны пераходны прыз “Залаты кацялок” атрымалі юныя турысты з Ахрэмаўцаў.

Ала Лук’янец,
метадыст Браслаўскага ЦДМ.