Як жывуць зубры на Браслаўшчыне

Калейдоскоп

У летні час пра сафары-парк НП «Браслаўскія азёры» ад гасцей нашага горада даводзілася чуць самыя розныя водгукі. Але ў асноўным яны зводзіліся да таго, што назіраць за жывёламі ў вальерах не надта цікава, а ў час пешых ці велапрагулак непасрэдна па парку звяроў бачылі мала.07

Гэтую акалічнасць патлумачыў на днях начальнік аддзела паляўнічай гаспадаркі Сяргей Туронак, які запрасіў мяне на зімовы перапіс завезеных у сафары-парк жывёл. Скажу, што відовішча выдалася неверагодным і запамінальным. А тым, хто хоча паназіраць зблізку за жыццём звяроў, С. Туронак раіць наведвацца ў парк менавіта зімой, у самыя маразы, калі капытныя трымаюцца непасрэдна ля падкормачных пляцовак. У летнія ж месяцы, асабліва ў спёку, алені, лані і зубры, завезеныя ў парк, трымаюцца ў гушчарах, а на падкормачныя палі выходзяць раніцай ці познім вечарам, таму на вочы трапляюцца рэдка.

Сафары-парк — гэта абгароджаныя натуральныя ўгоддзі ў 25 кіламетраў па перыметры. У 2014 і 2016 гадах туды былі выпушчаны на вольнае ўтрыманне 2 партыі высакародных аленяў па 45 галоў у кожнай, якіх набылі ў Літве. У снежні 2017 года статак папоўніўся 16 аленямі і 53 ланямі з Прыпяцкага запаведніка. А вясной мінулага года ў парку пасяліліся яшчэ зубр з зубрыхай. Па некалькі дзясяткаў казуль і ласёў засталіся там жыць пасля агароджвання. Дарэчы, ад першых партый аленяў ужо атрымана звыш 50 галоў прыплоду.

06

На тэрыторыі ў трох кропках абсталявана 6 падкормачных пляцовак. Менавіта туды і накіраваліся мы з С. Туронкам. На першай ля кармавых сталоў чакаў свежых ласункаў статак аленяў. Гэта былі рагачы з дарослымі самкамі. Пасля кароткай фотасесіі, якую я рабіў, не выходзячы з машыны, адразу накіраваліся да другой, куды, па словах майго гіда, двума днямі раней выходзілі зубры.

Там у чаканні падкормкі ў зацішку на сонейку грэліся алені. У гэтым статку пераважала моладзь. Зуброў жа не было бачна, аднак, як заверыў паляўніцтвазнавец, пасля таго, як егеры прывязуць зерне і буракі, лясныя волаты павінны выйсці да пляцоўкі. І сапраўды, не паспелі алені ўволю паласавацца зернем, як з бліжэйшых кустоў да кармавога стала накіраваліся гаспадары лесу. Алені адразу захваляваліся і пачалі адыходзіць ад кармушкі. А вось да фотасесіі зубры аднесліся насцярожана. Варта мне было пакінуць аўтамабіль, як яны кінуліся наўцёкі. А вось машыну падпусцілі бліжэй. Па словах С. Туронка, зубры ў будучым годзе ўжо могуць прынесці прыплод.

■ Аляксандр АЗЕВІЧ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *