c9df16a950f291967fa6454df53731314f84d702

ГОД САБАКІ НА БРАСЛАЎШЧЫНЕ

Калейдоскоп

 

Шматлікія астролагі складаюць свае прагнозы на будучы год. Мы ж па добрай традыцыі прапануем вам пагартаць старонкі «Браслаўскай звязды» за 1982 і 2006 гады і ўспомніць, якім раней быў год Сабакі для нашага раёна.

Публікацыі «раёнкі» за 1982 год сведчаць, што год быў актыўным ва ўсіх сферах. Ладзіліся святочныя мерапрыемствы і праводзіліся спаборніцтвы паміж калектывамі. Таксама год быў плённы для будаўніцтва: уводзіліся ў эксплуатацыю адміністрацыйныя будынкі, а сотні навасёлаў атрымлівалі ключы ад новых кватэр у Браславе і раёне. Напрыклад, у Ельна святкавалася наваселле адразу ў трох дамах па 12 кватэр, а жыхары Відзаў атрымалі новы ўнівермаг. Супрацоўнікі лясной галіны для будучага пакалення ў гэты год высадзілі 315 гектараў елкі і сасны. Актыўна развіваўся турызм на Браслаўшчыне: работнікі лясгаса добраўпарадкавалі месцы адпачынку для турыстаў у Окменіцы, Жаліборы і Пашавічах. А ў адным з нумароў паведамлялася пра тое, што турбаза «Браслаўскія азёры» прыняла амаль 8 тысяч турыстаў з усяго СССР, а таксама студэнтаў з Кампучыі і Афганістана.

Цікавым і насычаным быў і 2006 год. Юбілеі святкаваліся ў шэрагу прадпрыемстваў і ўстаноў горада. Адбываліся мерапрыемствы міжнароднага маштабу. Напрыклад, была завершана дэмаркацыя мяжы Беларусі з краінамі Балтыі. На рацэ Друйка рэканструявалі мост, які аблегчыў шлях жыхароў вёскі Вусце і навакольных вёсачак да Слабодкі. Актыўным было спартыўнае жыццё. Так, нашы дзеці прынялі ўдзел у тэлеконкурсе «Вас выклікае спартландыя», а ў Браславе прайшла спартакіяда РУП «Віцебскаўтадар», для ўдзелу ў якой з’ехаліся прадстаўнікі Полацка, Оршы, Віцебска і іншых гарадоў.

Словам, гартаючы старонкі газеты, можна зразумець, што год Сабакі ў жыцці раёна стаяў на ахове міру і спакою. Няхай жа і гэты раз на Браслаўшчыне будуць адбывацца толькі прыемныя падзеі, а мы ў сваю чаргу будзем радаваць ваc, чытачы, толькі прыемнымі навінамі!

■ Алена НАБЕЕВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.