IMG_5316 (Small)

З баянам па жыцці

Люди

IMG_5316 (Small)У кожнай арганізацыі ёсць добрасумленныя, творчыя і таленавітыя працаўнікі, якія ствараюць вакол сябе астраўкі радасці і пазітыўнасці. У прадпрыемстве меліярацыйных сістэм сярод такіх і Алег Бейнар.
Стаць музыкантам Алегу Казіміравічу было наканавана самой прыродай, бо ў яго ёсць усе неабходныя даныя: выдатны музычны слых і памяць, тонкае адчуванне рытму, творчая натура.
— Цяга да музыкі ў мяне была з дзяцінства, — успамінае А.Бейнар, — таму пасля заканчэння Далёкаўскай школы амаль год вучыўся ў Браслаўскай музычнай школе. Потым уладкаваўся на працу у сельскі клуб у в.Белая.
Работа ў клубе была цікавай і насычанай: канцэрты, святы, танцы. Ды і вяселлі, хрэсьбіны, провады ў армію не праходзілі без удзелу Алега. Усюды гучаў разлівісты спеў яго баяна.
Калі з’явілася сям’я, прыйшлося змяніць прафесію клубнага работніка на больш «сур’ёзную». Але са сваім баянам і музыкай А.Бейнар не расстаецца да сённяшняга часу.
Таму менавіта яму адміністрацыя даручыла абараняць гонар свайго прадпрыемства на першым аклядзе-конкурсе мастацкай самадзейнасці сярод ПМС.
— Перад конкурсам рэпеціраваў некалькі дзён, — расказвае баяніст, — успамінаў мелодыі, трэніраваў рукі і пальцы. Хваляванне, вядома, было, але менавіта яно дапамагло сканцэнтравацца.
Намаганні не прапалі дарэмна: прафесійнае журы ацаніла выступленне А. Бейнара, ды і ўсе прысутныя з вялікім задавальненнем слухалі душэўныя песні пад жывое гучанне баяна.
Алег Казіміравіч не толькі ўмее перабіраць клавішы баяна, з-пад яго таленавітых рук выходзяць прыгожыя фігуры з пенаблокаў. Вось каля прахадной прадпрыемства вас сустракае сімвал Беларусі зубр, непадалёку прымасціўся на пяньку і расцягнуў гармонік мядзведзь, а каля пруда расчэсвае свае валасы таямнічая русалка.
Таму і добрыя словы ў адрас А.Бейнара чула не толькі ад кіраўніцтва, супрацоўнікі з радаснай ўсмешкай паказвалі мне тварэнне рук свайго калегі, што яшчэ раз даказвае: прыгажосць патрэбна ўсім.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.IMG_5320 (Small)

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.